Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыямэнэджар Навоша пра свой завочны прысуд: «12 гадоў? Ды хоць 112»


Дзьмітры Навоша
Дзьмітры Навоша

Фігурант «справы ЧКБ», стваральнік спартовага парталу By.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша адрэагаваў на прысуд, вынесены яму сёньня на завочным працэсе.

«12 гадоў? Ды хоць 112. Я і, думаю, іншыя завочна „судзімыя“ гатовы прыняць на сябе любыя віртуальныя тэрміны выдуманых судоў цаной таго, каб свабода для рэальных палітвязьняў прыйшла раней», — напісаў Навоша 18 студзеня ў Twitter.

Паводле яго, «страшнейшы вырак Беларусі — пайшоў 29-ы год, і адбыцьцё пакараньня ўсё яшчэ доўжыцца».

«Неяк моцна разважаць тут няма пра што, шчыра кажучы», — заявіў BPN мэдыямэнэджар.

«Усё ж гэта новая ступень крынжу: калі насельнікі калёніі, у якую гэтыя крывасмокі ператварылі Беларусь (у тым ліку і для сябе саміх; нядаўняе сьмяротнае пакараньне дзяржслужбоўцам за „здраду дзяржаве“ яны праглынулі безь пярэчаньняў), вырашаюць нібыта лёс не даступных ім людзей са свабоднага сьвету», — падкрэсьліў Навоша.

Суд над фігурантамі справы ЧКБ — Янінай Сазановіч, Дзьмітрыем Навошай, Данілам Багдановічам, Вольгай Высоцкай і Валерыяй Занямонскай — праходзіў у Менску завочна, бо яны знаходзяцца за мяжой.

Жаданьне фігурантаў паўдзельнічаць у працэсе праз інтэрнэт не сустрэла падтрымкі ў судзе — ад падсудных патрабавалі фізычнай прысутнасьці на разглядзе справы, які праходзіў у Менскім гарадзкім судзе з 12 сьнежня.

Як паведамляе БелТА, 18 студзеня падсудных прызналі вінаватымі распальваньні варожасьці, «зьліве» асабістых зьвестак сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў і прысудзілі кожнаму па 12 гадоў зьняволеньня, а таксама штрафы ў памеры 500 базавых велічынь, паведамляе БАЖ.

КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.

Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі

  • Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
  • Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
  • 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
  • У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
  • Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
  • 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG