Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат: Рэальныя даходы насельніцтва за 11 месяцаў 2022 году зьнізіліся на 3,7%


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пад рэальнымі грашовымі даходамі разумеюць даходы з вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў, скарэктаваных з улікам індэксу спажывецкіх цэн на тавары і паслугі.

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва за студзень–лістапад 2022 году зьнізіліся да аналягічнага пэрыяду 2021-га на 3,7%, сьведчаць зьвесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі.

У студзені–красавіку 2022 году да аналягічнага пэрыяду 2021-га гэтыя даходы скараціліся ў гадавым вымярэньні на 1,2 %, у студзені–траўні — на 2,1 %, студзені–чэрвені — на 2,7 %, студзені–ліпені — на 3,4%, студзені–жніўні — на 3,6 %, студзені–верасьні — на 3,8 %, студзені–кастрычніку — на 3,9 %.

Зь ліпеня 2017-га да сакавіка 2022 году рэальныя даходы насельніцтва павялічваліся (ад 0,2 да 8,2% нарастальным вынікам).

У агульным аб’ёме грашовых даходаў аплата працы займае 64,7%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасьці, якая прыносіць даход, — 8,2%, трансфэрты насельніцтву (пэнсіі, дапамогі, стыпэндыі і іншыя трансфэрты насельніцтву) — 22,3%, даходы ад уласнасьці і іншыя даходы — 4,8%.

Згодна з прагнозам уладаў, у 2022 годзе рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павінны былі вырасьці на 2%.

13 сьнежня дасьледчы цэнтар BEROC прадставіў вынікі апытаньня, паводле якога аб пагаршэньні эканамічнай сытуацыі ў краіне за апошнія 12 месяцаў заявілі 63% рэспандэнтаў («нашмат пагоршылася» — 25%, «крыху пагоршылася» — 38%). Паляпшэньне сытуацыі ўбачылі 12% апытаных («нашмат палепшылася» — 3%, «крыху палепшылася» — 9%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG