Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі трэці месяц падаюць цэны. Разьбіраемся, чаму так і ці гэта шкодна


Падзеньне цэнаў у Беларусі выкліканае адміністратыўным рэгуляваньнем і можа тармазіць эканоміку, мяркуюць экспэрты.

Прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка заяўляе, што цэны зьніжаюцца трэці месяц запар. Гэтая зьява мае назву дэфляцыя — працэс, адваротны інфляцыі, калі цэны не растуць, а падаюць. Галоўчанка прагназуе, што па сёлетніх выніках гадавая інфляцыя будзе на ўзроўні 12–13%.

Дагэтуль інфляцыя ў Беларусі трымалася на ўзроўні 17%, але ў кастрычніку Лукашэнка забараніў падымаць цэны. Пасьля адбыліся дзясяткі затрыманьняў на аб’ектах гандлю за парушэньне гэтага распараджэньня. Яшчэ крыху пазьней цэны ўсё ж дазволілі павышаць, але не на ўсе тавары і па ўзгадненьні з чыноўнікамі.

Ці сапраўды ў Беларусі дэфляцыя?

Згодна з больш дэталёвымі паказчыкамі ад Белстату, з кастрычніка цэны ў Беларусі сапраўды зьніжаліся. Рост быў толькі па адзінкавых пазыцыях. На гэта зьвяртае ўвагу экспэртка Beroc Анастасія Лузгіна.

«Цэны зьнізіліся па адных таварах і засталіся нязьменнымі па іншых. У кастрычніку проста забаранілі падвышаць цэны, а ў лістападзе ўвялі жорсткае рэгуляваньне. Рэгуляваньне ўвялі ня толькі на розьнічны гандаль, гэта закранула ўвесь ланцужок паставак», — кажа Лузгіна.

Чаму сталі зьніжацца цэны

Рост цэнаў у Беларусі да кастрычніка быў зьвязаны са зьнешнімі фактарамі: інфляцыя ва ўсім сьвеце і цяжкасьці з пастаўкамі тавараў з прычыны санкцый.

«Да забароны павышаць цэны адбылася перабудова паставак. Беларускі рубель спыніў зьніжэньне, гэта і так запавольвала інфляцыю, то бок яна і так пачала б зьніжацца. Аднак урад штучным чынам зафіксаваў цэны ці прымусіў зьнізіць. У Беларусі інфляцыя зьнізілася празь дзеяньне адміністратыўнага рычага», — кажа Анастасія Лузгіна.

Чым шкодная дэфляцыя

Звычайна дэфляцыя гаворыць пра рэцэсію ў эканоміцы, нізкі ўзровень дзелавой актыўнасьці. Калі ж цэны зьніжаюцца адміністратыўна — гэта ўплывае на асартымэнт, якасьць і разнастайнасьць прадукцыі.

«Малако, хлеб і масла ў крамах будзе, але можа зьнізіцца разнастайнасьць. Будзе меншы выбар, які і так быў невялікі праз санкцыі. Другі момант — пастаўшчыкі будуць шукаць больш танныя тавары, тады можа зьнізіцца якасьць прадуктаў. Жорсткае рэгуляваньне вядзе да рызыкі карупцыйных схемаў. Урад у наступным годзе ўжо паабяцаў больш ляяльнае цэнаўтварэньне», — кажа Анастасія Лузгіна.

Таксама экспэртка зьвяртае ўвагу на праблемы, якія для гандлёвых пунктаў можа выклікаць дэфляцыя.

«Мэта ўраду была — зьнізіць падзеньне даходаў людзей, бо ў рэальным вымярэньні яны падалі. Аднак у гіпэрмаркетах і крамах таксама працуюць людзі, у якіх могуць не расьці заробкі, бо кампаніі атрымліваюць менш прыбытку з прычыны жорсткага рэгуляваньня. Праз падзеньне прыбытку кампаніі могуць згортваць частку бізнэсу. Для дробных прадпрымальнікаў такія зьмены могуць прывесьці да закрыцьця. Гэта грае на зьніжэньне ўнутранага попыту, актыўнасьці. А ўрад пры гэтым плянуе, што рост ВУП налета адбудзецца праз стымуляваньне ўнутранага попыту за кошт інвэстыцый», — кажа Анастасія Лузгіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG