Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ЗША: з пачатку вайны Расеі супраць Украіны расейскія алігархі пераводзілі грошы на рахункі сваіх дзяцей за мяжой


Алігарх Раман Абрамовіч і Ўладзімір Пуцін
Алігарх Раман Абрамовіч і Ўладзімір Пуцін

З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня РФ ва Ўкраіну расейскія алігархі, высокапастаўленыя чыноўнікі і падсанкцыйныя асобы выводзілі грошы на рахункі сваіх дзяцей у Амэрыцы і іншых краінах, гаворыцца ў дакладзе Агенцтва па барацьбе зь фінансавымі злачынствамі пры казначэйстве ЗША (FinCEN).

Супрацоўнікі FinCEN ацанілі як падазроныя ня менш за 450 банкаўскіх апэрацый на дзясяткі мільярдаў даляраў, учыненых багатымі расейцамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША. Пры гэтым іх імёны ў дакладзе не называюцца.

Некаторыя алігархі і чыноўнікі, гаворыцца ў дакладзе FinCEN, перапісалі траставыя дамовы, рахункі і кампаніі на сваіх дзяцей, іншых сямейнікаў або на блізкіх дзелавых партнэраў непасрэдна падчас поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Частка бізнэсоўцаў зрабіла гэта шляхам пераводу сродкаў на рахункі дзяцей, якія вучацца ў ЗША.

Амаль 50% такіх транзакцый былі, па дадзеных аналітыкаў, зробленыя ў Эўропе. Найбольшая колькасьць справаздач аб падазронай дзейнасьці ў Эўропе тычыліся Расеі, Вялікай Брытаніі і Швайцарыі, а таксама краін Блізкага Усходу (Кіпр, Ізраіль і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты) і краін Азіі (Ганконг, Сынгапур і Ўзбэкістан).

Апроч таго, расейскія алігархі набывалі дарагія тавары, у тым ліку каштоўнасьці і прадметы мастацтва, а таксама нерухомасьць — у прыватнасьці, у Турэччыне і Абʼяднаных Арабскіх Эміратах.

Раней выданьне The Guardian пісала, што расейскі алігарх Раман Абрамовіч за тры тыдні да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня арміі РФ ва Ўкраіну перапісаў на сямёх сваіх дзяцей актывы зьвязанай зь ім траставай кампаніі — на суму ня менш як 4 млрд даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG