У Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада ў закрытым рэжыме праходзіць суд у справе «Рабочага руху». У ёй фігуруюць адразу дзесяць палітзьняволеных, сярод якіх Аляксандар Капшуль. Усіх абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, а таксама паводле шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Палітвязьням пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
Як паведамляе тэлеграм-канал «Рабочы рух», з 31 сьнежня Аляксандар абвясьціў галадоўку супраць парушэньня заканадаўства падчас яго ўтрыманьня ў гомельскім СІЗА. Галадаваньне працягваецца 14 дзён, пры гэтым першыя некалькі дзён ён трымаў сухую галадоўку.
«Аляксандар, нават знаходзячыся ў СІЗА, змагаецца супраць рэжыму. Гэта моцны і мужны чалавек, прыклад нязломнасьці і мэтанакіраванасьці для ўсіх беларусаў», — гаворыцца ў паведамленьні «Рабочага руху».
Капшуля затрымалі 25 верасьня 2021 году на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і перадалі супрацоўнікам КДБ Беларусі, якія тайна вывезьлі яго ў Менск. Паводле зьвестак праваабаронцаў, у палітвязьня была зламаная нага і пашкоджаная рука.