Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар культуры Літвы: «Падчас вайны ва Ўкраіне трэба адпачыць ад твораў расейскай культуры, а ў будучыні пытаньне страціць актуальнасьць»


Набярэжная Нёману ў Коўне
Набярэжная Нёману ў Коўне

У літоўскім грамадзтве вырашаюць пытаньне, што рабіць з выкладаньнем расейскай мовы ў школах. Напрыклад, у Латвіі з 2026 году будзе забаронена выкладаньне расейскай як другой замежнай мовы. У Літве гэтае пытаньне яшчэ абмяркоўваецца. Але справа не ў адных школах.

Міністар культуры Літвы Сіманас Кайрыс сказаў, што падчас вайны ва Ўкраіне «трэба адпачыць» ад твораў расейскай культуры. На яго думку, у будучыні запатрабаванасьць гэтай культуры зьменшыцца, паколькі ўсё менш моладзі валодае расейскай, сказаў ён у інтэрвію tv3.lt, якое прыводзіць Delfi.lt.

У рэпэртуарах літоўскіх тэатраў яшчэ ёсьць расейскія творы, напрыклад у Віленскім Малым тэатры паказваюць «Дядю Ваню» Антона Чэхава, у Нацыянальным тэатры опэры і балету — балет Сяргея Пракоф’ева «Ромео и Джульетта», да Новага году паказвалі і «Щелкунчика».

«Ідзе вайна, тут наша роля павінна быць актыўнай», — сказаў Кайрыс.

Як быць з расейскай культурай, паводле яго слоў, выдатна растлумачыла пісьменьніца Крысьціна Сабаляўскайтэ.

«Яна казала пра „карантын буйных клясыкаў“, Чайкоўскага і іншых. Аднак мы не гаворым аб тым, што трэба сьціраць ноты, ірваць, паліць кнігі».

Міністар лічыць, што ў будучыні гэта пытаньне страціць актуальнасьць у Літве, з натуральных прычын, у тым ліку праз тое, што літоўская моладзь, як правіла, не валодае расейскай.

«Мы ўжо мусім выйсьці з той фазы, калі думаем, што рабіць з расейскай культурай, яе знакамітымі прадстаўнікамі. Гэтае пытаньне ня мае значэньня. Чым больш мы надаём гэтаму ўвагі, тым больш, самі таго не жадаючы, будзем карміць расейскую прапаганду», — дадаў міністар.

Паводле яго слоў, летась прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб гуманітарнай палітыцы ў замежных краінах.

«У гэтай канцэпцыі названы ўсе імёны, якія маюць вялікае значэньне для гісторыі культуры, той жа Чайкоўскі і г.д. Што гэтыя творцы — тая база, тое апірышча, на якім стаіць «русский мир», — заўважыў Кайрыс.

Міністар згодны з тым, што такое рашэньне несумленнае, паколькі творы некаторых расейскіх клясыкаў больш каштоўныя за функцыю, якой іх надзяляе крамлёўская прапаганда.

«Але разумеючы, што культуру выкарыстоўваюць як зброю, мы павінны мець гэты імунітэт. Я веру ў сталасьць нашага грамадзтва і сэктары культуры, на нас не нападуць у мэнтальным пляне. Я кажу не пра зброю, якая страляе, а пра зброю ў культурным кантэксьце», — сказаў Кайрыс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG