Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёндан арганізуе канфэрэнцыю на тэму ваенных злачынстваў ва Ўкраіне, — СМІ


На канфэрэнцыі ў Лёндане будзе кіраваць брытанскі міністар юстыцыі Дамінік Рааб (на фота) сумесна са сваім калегам зь Нідэрляндаў
На канфэрэнцыі ў Лёндане будзе кіраваць брытанскі міністар юстыцыі Дамінік Рааб (на фота) сумесна са сваім калегам зь Нідэрляндаў

Вялікая Брытанія арганізуе ў сакавіку сёлета шырокае міжнароднае абмеркаваньне зьвестак аб ваенных злачынствах, учыненых падчас шырокамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, паведамляе агенцтва DPA 7 студзеня.

На канфэрэнцыі ў Лёндане з удзелам міністраў юстыцыі розных краін, як чакаецца, будзе старшынстваваць кіраўнік брытанскага профільнага ведамства, намесьнік кіраўніка ўрада Дамінік Рааб сумесна са сваім калегам зь Нідэрляндаў.

Плянуецца, што ўдзельнікі сустрэчы заслухаюць справаздачу пракурора Міжнароднага крымінальнага суду Карыма Хана аб выніках працы гэтай структуры і ролі сусьветнай супольнасьці для падтрымкі расьсьледаваньня.

Пра падрыхтоўку канфэрэнцыі абвешчана на фоне новых паведамленьняў аб ударах расейскай арміі па аб'ектах крытычнай інфраструктуры ва Ўкраіне. У выніку нападаў жыхары ўкраінскіх гарадоў і іншых населеных пунктаў сутыкнуліся з працяглымі адключэньнямі электраэнэргіі і перабоямі з вода-і цеплазабесьпячэньнем у пэрыяд восеньскіх і зімовых халадоў.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Хан расьсьледуе абвінавачаньні Кіева ў адрас расейскіх вайскоўцаў. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што падчас баявых дзеяньняў, якія працягваюцца ўжо 11 месяцаў, салдаты расейскага войска, якая ўварвалася ў краіну, учынялі несудовыя расправы над мірным насельніцтвам, чынілі катаваньні і згвалтаваньні. Кіеў таксама расцэньвае як ваенныя злачынствы бамбаваньне цывільнай інфраструктуры.

Летась брытанскі ўрад прапанаваў Міжнароднаму крымінальнаму суду пакет дапамогі, які ўключаў дадатковае фінансаваньне на суму 1,2 мільёна даляраў і паліцэйскае садзейнічаньне.

Расейскія ўлады адмаўляюць абвінавачваньні ў наўмысных атаках супраць цывільнага насельніцтва, а ўдары расейскага Мінабароны па абʼектах энэргетыкі называюць адказам на дзеяньні ўкраінскіх вайскоўцаў. Масква таксама адмаўляе, што яе вайскоўцы забівалі ва Ўкраіне мірных жыхароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG