Асноўныя лічбы, па зьвестках праваабаронцаў:
- 1446 палітвязьняў налічвалася ў Беларусі на канец 2022 году.
- 889 чалавек праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі цягам мінулага году.
- Большасьць палітвязьняў — мужчыны, іх 1284 чалавек. 162 жанчыны-палітвязьні знаходзілася за кратамі на канец 2022 году.
- 532 чалавекі адбывалі пакараньне ў калёніях, 258 чалавек — на «хіміі», 6 чалавек — у выхаваўчай калёніі; 38 палітвязьням пагоршылі ўмовы ўтрыманьня і перавялі з калёніі ў турму.
- 460 чалавек знаходзіліся ў СІЗА на канец 2022 году. Самы доўгі тэрмін пад сьледзтвам без суда ў СІЗА-1 утрымліваецца Эдуард Бабарыка: на 31 сьнежня ён правёў у зьняволеньні 927 дзён.
- Яшчэ 2 чалавек утрымліваюць пад «хатнім арыштам». Некалькі палітвязьняў знаходзіліся ў ІЧУ пад адміністрацыйным арыштам. Месцазнаходжаньне па меншай меры 145 палітвязьняў праваабаронцам «Вясны» дакладна не вядома.
- З агульнай колькасьці палітвязьняў 70 чалавек пазбаўленыя волі на 10 і больш гадоў: 27 чалавек былі асуджаныя на тэрміны зьняволеньня ў 10-12 гадоў, 17 чалавек — атрымалі 13-15 гадоў калёніі, яшчэ 15 чалавек атрымалі тэрміны ў 16-19 гадоў, 10 чалавек асудзілі на 20-23 гады зьняволеньня. Самы суровы — максымальны тэрмін у 25 гадоў — атрымаў Мікалай Аўтуховіч.
- На канец 2022 году сярод палітзьняволеных налічвалася сама меней 15 сямейных пар, якія былі асуджаныя на тэрміны зьняволеньня ці знаходзіліся пад сьледзтвам у СІЗА.
- Сярод іншага, у мінулым годзе за кратамі заставаліся 108 дзеячаў культуры, 32 прадстаўнікі мэдыя, 6 адвакатаў, 6 праваабаронцаў «Вясны».
- Сярод палітзьняволеных ня менш за 25 пэнсіянэраў і пэнсіянэрак. Самая старэйшая — 74-гадовая Натальля Таран, асуджаная да трох з паловай гадоў пазбаўленьня волі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.
- У невыносных умовах зьняволеньня знаходзяцца 74 чалавекі з інваліднасьцю ці цяжкімі захворваньнямі.
- Цягам 2022 году па «справе Зельцара» за кратамі ўтрымлівалі ня менш за 120 чалавек. Значную частку зь іх асудзілі да пазбаўленьня волі на тэрміны ад 1,5 да 6,5 гадоў.
- Сама меней 148 палітвязьняў КДБ Беларусі ўнёс у так званы сьпіс «тэрарыстаў».
- Сама меней 253 палітвязьняў выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, з моманту першых прысудаў па палітычна матываваных крымінальных справах.