Перад новым годам беларусы больш актыўна пішуць лісты падтрымкі палітвязьням, але і палізьняволеныя ў адказ пішуць з-за кратаў ня менш кранальныя словы, каб павіншаваць беларусаў. Праваабарончы цэнтар «Вясна» напярэдадні Новага году апублікаваў падборку пераднавагодніх віншаваньняў, якія ў сваіх лістах даслалі палітзьняволеныя. Перадрукоўваем гэтыя віншаваньні.
- Дзьмітры Дубоўскі, актывіст анархічнага руху, асуджаны да 20 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
«Там жыцьцё рай, дзе Свабоды край. Удачы ў Новым 2023 Годзе. З салідарнасьцю, Дзьмітры Д.».
- Ягор Лебядок, вайсковы аналітык, асуджаны да 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
«Жадаю Вам і Вашым блізкім у надыходзячым годзе моцнага здароўя, мэтанакіраванасьці і сіл для дасягненьняў мэтаў, каханьня ўзаемнага і прыемных клопатаў, сямейнага дабрабыту і мноства прыемных момантаў! Усё будзе добра, інакш і быць ня можа!»
- Марына Золатава, галоўная рэдактарка TUT.BY, яе абвінавачваюць па арт. 130 КК (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці і варажнечы) і арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь), справу перадалі ў суд.
«А вызваленьня і волі я зычу ўсім нам. :) А таксама — перамогі Дабра, Розуму і Справядлівасьці. Я па-ранейшаму веру, што так і будзе. Спадзяюся, вы таксама».
- Анатоль Латушка, стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі, асуджаны да 6 гадоў калёніі па 4 артыкулах Крымінальнага кодэксу.
«Віншую цябе, тваіх... са сьвятам Новага году! Жадаю вам усім моцнага здароўя, бязьмежнага шчасьця, нястрымнай весялосьці падчас сьвята і нават вашым коткам жыць заўсёды ў згодзе з сумленьнем! Ну і вядома ж посьпехаў ва ўсіх вашых справах!»
- Натальля Дуліна, былая дацэнтка катэдры італьянскай мовы МДЛУ, затрыманая ў рамках крымінальнай справы за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК).
«... У мяне ўсё добра. Не хвалюйцеся за мяне, я моцная і ўсё вытрываю. Мне лёгка, таму што я перакананая ў сваёй праваце. А гэта вельмі дапамагае. Мне няма пра што шкадаваць. Я рада, што нікуды ня зьехала. Я даўно была гатовая да гэтага і разумела, што рана ці позна гэта адбудзецца. ... Што б ні адбылося, я ўпэўнена, што ўсё гэта можна перажыць...»
- Андрэй Любецкі, лекар, 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай лякарні № 4 у Менску сківічным хірургам, асуджаны да 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
«Цэнтар мэнтальна-сацыяльна-вэрбальна-гендэрна-фінансава-фізычнай рэабілітацыі. Цэнтар Эўропы. Плянэта Зямля. Сонечная сыстэма... Каму: Сябру Куды: Туды Iндэкс: 123456 Ад усёй душы і ад усяго сэрца з надыходзячымі сьвятамі! Любецкі Андрэй».
- Віталь Мельнік, «рэйкавы партызан», якому пры затрыманьні сілавікі прастрэлілі калені, асуджаны да 16 гадоў калёніі строгага рэжыму.
«Сардэчна віншую вас з Раством Хрыстовым і надыходзячым Новым 2023 Годам! Жадаю каб новы год ажыцьцявіў усе вашыя мары, а ў сэрцы гарэў агонь веры, надзеі і любові!»
- Мікіта Старажэнка, былы сьледчы, які звольніўся пасьля выбараў на знак пратэсту, асуджаны да 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
«Ад усёй душы Дзякую за дапамогу і падтрымку! Віншую з надыходзячымі Калядамі і Новым годам! Няхай зімовы цуд знойдзе ўсіх нас і будзе з намі побач!»
- Ганна Баран, актывістка з Пружанаў, затрыманая асуджаная на 1,5 года калёніі агульнага рэжыму па «карагоднай справе».
«Мае любімыя сябры, як я сумую па вас! Віншую з Новым годам і Калядамі. Няхай надыходзячы Новы год будзе поўны выдатных падзей. Жадаю вам здароўя, радасьці, каханьня і шчасьця. Няхай спраўдзяцца ўсе мары! У мяне ўсё выдатна, не хвалюйцеся. Моцна вас абдымаю!».
- Сяргей Глебка, «рэйкавы партызан» са Стоўпцаў, асуджаны да 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, КДБ уключыў Глебку ў сьпіс «тэрарыстаў».
- Арцём Задруцкі, затрыманы ў Берасьці за камэнтары па «справе Зельцара праходзіць па крымінальнай справе па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і 130 КК (Распальваньне сацыяльнай варожасьці).
«Віншую Вас з Новым Годам!.. Зычу ў Новым Годзе — мудрасьці, здароўя, шчасьця, і заўсёды ўсьміхацца! Няхай мары і пляны спраўджваюцца!»
- Артур Смалякоў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, асуджаны да 2 гадоў пазбаўленьня волі па арт. 342 КК.
«Віншую з надыходзячым Новым годам. Жадаю шчасьця, здароўя, удачы. Няхай спраўдзяцца ўсе вашы мары».
- Уладзімер Астапчык, затрыманы 21 ліпеня 2022 году ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК).
Сьпіс палітвязьняў Беларусі з адрасамі, куды ім можна напісаць, можна знайсьці на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна».