Яна адзначыла, што 2022 год быў «адзін з самых складаных гадоў», годам «пачатку вайны», «няспынных рэпрэсій», «усеагульнай дэпрэсіі і, падаецца, безвыходнасьці».
«Але, зь іншага боку, [гэта быў] год цьвёрдай упэўненасьці, што мы працягваем барацьбу, — падкрэсьліла Аліна Коўшык. — Год партызанскага змаганьня і няскоранасьці. Год яднаньня беларусаў і ўсеагульнай дапамогі. Год, які ясна паказаў, дзе чорнае, а дзе белае. Год, які пераканаў, што за нашу краіну мы будзем змагацца. Год каштоўнасьці беларушчыны і год палітычнага разуменьня неабходнасьці нацыянальнага адраджэньня. Год, калі мы ясна ўсвьядомілі, што культура — гэта нашая зброя ў барацьбе за будучыню».
Аліна Коўшык пералічыла, што прадстаўнікі Кабінэту зрабілі ў 2022 годзе, каб беларуская культура стала такой зброяй:
- абмеркавалі пытаньне падтрымкі беларускай культуры і адукацыі ва ўсіх нашых міжнародных паездках і афіцыйных сустрэчах;
- дамагліся прызнаньня беларускіх дыплёмаў у Польшчы, нягледзячы на тое, што беларускі рэжым у аднабаковым парадку разарваў адпаведнае пагадненьне;
- падтрымалі беларускія кнігавыдавецкія ініцыятывы ў справе стварэньня сеткі цэнтраў рэалізацыі беларускіх кніг за мяжой, паспрыялі агульнаму пашырэньню даступнасьці беларускай кнігі ў электронным і папяровым выглядзе;
- прынялі гістарычныя для беларусаў заявы па асуджэньні камунізму і прызнаньні Галадамору генацыдам украінскага народу;
- стварылі Камісію па ўзнагародах, разам з Геральдычнай камісіяй падрыхтавалі новую лінейку беларускіх узнагародаў для тых, хто праявілі выключную адданасьць у служэньні Беларусі;
- сумесна з дарадцам у пытаньнях адукацыі і навукі Офіса Сьвятланы Ціханоўскай Тацянай Шчытцовай стварылі працоўныя групы па рэфармаваньні адукацыйнай сыстэмы і абмене вопытам са спэцыялістамі розных эўрапейскіх краін;
- наладзілі супрацоўніцтва са стваральнікамі мабільнай прылады «Новая Беларусь» і пачалі інтэграваць у яе свае напрацоўкі;
- перадалі кнігі ваярам палка Каліноўскага і пачалі збор новых падарункаў;
- перавялі на беларускую мову камунікацыю і справаводзтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінэта Беларусі.
«Мы разам з вамі ствараем нашу гісторыю. Абʼяднаны пераходны кабінэт абвяшчае 2023-ці год Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэньня. Будзем разам з вамі пашыраць беларускую прастору вакол нас. Кожнага з нас. З Новым 2023-м, сябры!», — напісала яна.
Раней стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка дамовіўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і лідарамі шэрагу іншых краін СНД правесьці наступны год як «год расейскай мовы».