Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) затрымала жыхара Чарнігаўскай вобласьці, грамадзяніна Ўкраіны, які зьбіраў выведныя зьвесткі пра сілы абароны ў памежных зь Беларусьсю раёнах.
Як паведаміла СБУ, гэты грамадзянін таксама «арганізаваў канал незаконнага выезду за мяжу ўкраінскіх грамадзян прызыўнога ўзросту».
Жыхара Чарнігаўшчыны затрымалі ў канцы 2022 году. Сьледзтва вызначыла, што ён праводзіў «выведна-дывэрсійную дзейнасьць у рэгіёне на карысьць спэцслужбааў Беларусі», для якіх зьбіраў зьвесткі пра дысьлякацыю і перамяшчэньні падразьдзяленьняў сіл абароны на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці.
Паводле СБУ, асаблівую ўвагу затрыманы зьвяртаў на месцы пражываньня каманднага складу ўкраінскіх войскаў. Атрыманыя зьвесткі ён нібыта спрабаваў перадаць праз аднаго з тых украінцаў, хто ўхіляўся ад магчымага прызыву і зьбіраўся выехаць за межы Ўкраіны.
Цяпер сьледчыя выставілі яму падазрэньні ў дзяржаўнай здрадзе, незаконным абыходжаньні са зброяй і арганізацыі незаконнай пераправы грамадзян празь дзяржаўную мяжу Ўкраіны.
Сьледчыя працягваюць сьледча-апэратыўныя дзеяньні, каб вызначыць усе абставіны злачынстваў.
У Беларусі ў кастрычніку заяўлялі пра затрыманьне агентаў СБУ
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі двойчы заяўляў пра затрыманьне нібыта агентаў СБУ.
21 кастрычніка ў эфіры «Беларусь-1» паведамілі пра затрыманьне грамадзяніна Ўкраіны Паўла Купрыенкі (супраць яго завялі крымінальную справу ў сувязі з «агентурнай дзейнасьцю») і дваіх беларусаў — Тараса Мачынскага і Дзьмітрыя Салавянчыка (супраць іх распачалі крымінальныя справы аб «здрадзе дзяржаве»).
Паводле КДБ, затрыманыя нібыта зьбіралі і перадавалі зьвесткі аб разьмяшчэньні чыгуначных вузлоў і перамяшчэньні вайсковай тэхнікі. Павал Купрыенка — украінскі бізнэсовец, які шэсьць гадоў жыў у Беларусі. Паводле КДБ, супрацоўнікі ўкраінскіх спэцслужбаў нібыта прысвоілі Купрыенку апэратыўны псэўданім Снэйк.
28 кастрычніка таксама ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» КДБ заявіў пра спыненьне дзейнасьці «агента ўкраінскіх спэцслужбаў», грамадзяніна Беларусі, які працяглы час праслужыў ва Ўзброеных сілах.
У Службе бясьпекі Ўкраіны, камэнтуючы гэтую інфармацыю, заявілі, што грамадзяне Ўкраіны, якія надалей застаюцца на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах расейска-ўкраінскай вайны, знаходзяцца пад пагрозай правакацый.