Сілавікі затрымалі праграміста за паведамленьні ў закрытым працоўным чаце. У відэа, апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале, затрыманы кажа, што «напісаў кепскія рэчы аб прадстаўніках закону, аб цяперашняй уладзе і аб уладзе РФ». Ён таксама прызнаецца, што выходзіў на пратэсты ў жніўні 2020 году.
У публікацыі таксама пазначана, што пра айцішніка сілавікам паведамілі яго «неабыякавыя» калегі.
Менчуку, якога ўтрымлівалі на «сутках» амаль 3 месяцы, прысудзілі 2 гады калёніі
У Менскім гарадзкім судзе 12 снежня разглядзелі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 130 КК («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці») і ч. 1 арт. 342 КК («актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») супраць 37-гадовага Віталя Енаровіча.
Судзьдзя Вера Галаўкава прызначыла яму 2 гады калёніі, піша «Вясна».
Мужчыну затрымалі ў сакавіку і ўтрымлівалі на «сутках» у ЦІП Акрэсьціна амаль 3 месяцы бязь зьменнага адзеньня і сродкаў гігіены.
Былыя сукамернікі Віталя распавялі, што летам на Акрэсьціна ён ўсё яшчэ быў у зімовай вопратцы.
Пры гэтым час, праведзены ім ў ЦІП, ня будзе залічаны ў тэрмін па крымінальнай справе.