Нехта мо лянуецца ўсё чытаць; у іншых, хто і прачытаў, ня складваецца нейкай агульнай карціны. Між тым гэта, папраўдзе, самае важнае. Хто аказаўся самым трапным, высьветлім у канцы году. А зараз цікавае агульнае адчуваньне, тое, што Гегель называў Geist seiner Zeit (дух свайго часу).
Яно, дарэчы, таксама можа быць і памылковым, як і асобнае меркаваньне. Часам здараюцца рэчы, якіх чакалі нямногія ці нават не чакаў ніхто. Тым ня менш дух часу шмат што вызначае ў тым, якім гэтаму часу быць.
Дык вось, які гэты дух паводле экспэртаў Свабоды, чаго яны ў сярэднім ці ў большасьці чакаюць у 2023 годзе?
Ляйтматыў гэтых чаканьняў — што па вялікім рахунку сёлета ў Беларусі нічога ня зьменіцца. На першы погляд, гэта дзіўна — краіна ўцягнутая ў вір вайны. Але мо прычына менавіта ў гэтым.
Ёсьць дзьве галоўныя няпэўнасьці ў гэтым годзе: ці скончыцца сёлета вайна, і калі так, то чым яна скончыцца, і ці пашлюць беларускае войска на гэтую вайну. Адказы на абодва пытаньні ў вельмі малой ступені залежаць ад сытуацыі, ад расстаноўкі сілаў унутры краіны.
У такой сытуацыі прагноз, што нічога ня зьменіцца, псыхалягічна вытлумачальны.
Але пойдзем па пунктах.
Ці будзе Беларусь уцягнутая ў вайну сваім войскам? 10 — «не», 6 — «так», астатнія адказы няпэўныя. А для Беларусі гэта ключавое пытаньне. Многія экспэрты, нават даючы пэўны адказ на яго, адказваючы на іншыя пытаньні, казалі :"Калі беларусаў пашлюць ваяваць, то будзе так, калі не, то гэтак».
Але невялікая перавага ў адказах, што хутчэй не пашлюць.
А вось новае расейскае наземнае ўварваньне ва Ўкраіну дзьве траціны апытаных экспэртаў.
Столькі ж — 15 чалавек — мяркуюць, што вайна ва Ўкраіне сёлета ня скончыцца.
Яшчэ большае аднадушша — у пытаньнях, ці захаваюць уладу Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. 17 экспэртаў мяркуюць, што Лукашэнка застанецца пры ўладзе, хаця пры гэтым пераважная большасьць адзначае, што ступень яго самастойнасьці яшчэ больш зьменшыцца.
І амаль усе (19) лічаць, што ў сьнежні 2023 году прэзыдэнтам РФ застанецца Пуцін. Некаторыя зь іх лічаць, што так будзе, нават калі Расея прайграе вайну.
Раману Галоўчанку прагназуюць захаваньне пасады прэм’ера 15 экспэртаў з 21. Два экспэрты прадказалі, што яго на чале ўраду заменіць Натальля Качанава.
Яшчэ адзін даволі салідарны прагноз: 18 экспэртаў лічаць, што Абʼяднаны пераходны кабінэт захаваецца да канца году. Аднак ладная частка апытаных не ўскладае на яго дзейнасьць асаблівых спадзяваньняў, адзначаючы, што захаваецца ён толькі фармальна.
Экспэрты ў пераважнай большасьці мяркуюць, што сёлета не адбудзецца афіцыйнай сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім (17 — што не адбудзецца, 3 — што адбудзецца).
На пытаньне аб колькасьці краінаў, якія прызнаюць Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам, палова апытаных адказала: ніводная, нуль. Столькі ж далі такі самы адказ на пытаньне, колькі краінаў прызнаюць Беларусь акупаванай.
Менавіта на гэтыя два пытаньні было шмат умоўных адказаў: калі беларускае войска пашлюць ваяваць ва Ўкраіну, то некалькі дзяржаваў могуць прызнаць Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам, а таксама Беларусь акупаванай. Калі Беларусь будзе цалкам уцягнутая ў вайну, на думку экспэртаў, Беларусь могуць прызнаць акупаванай ад 2-3 краінаў да ўсіх краінаў Эўразьвязу плюс ЗША.
Летась Эўразьвяз 6 разоў уводзіў новыя санкцыі адносна Беларусі, 5 разоў — за яе ўдзел у агрэсіі супраць Украіны. У канцы 2021 году экспэрты Свабоды прадказвалі, што пакетаў санкцыяў ЭЗ будзе 1-2. Прагнозы на 2023 год — прыкладна такія ж. Пры гэтым ладная частка зь іх мае таксама ўмоўны характар: у выпадку, калі беларускае войска не пашлюць на вайну — прагназуецца невялікая колькасьць санкцыйных пакетаў ці нават іх адсутнасьць, у выпадку поўнага ўцягваньня ў вайну — выраўноўваньне з узроўнем санкцыйнага ціску, які аказваецца на Расею.
У 2021 годзе Лукашэнку ў разгар міграцыйнага крызісу двойчы тэлефанавала кіраўніца ўраду Нямеччыны Ангела Мэркель; летась, на трэці дзень пасьля пачатку вайны — прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Цяпер палова экспэртаў (12) лічаць, што хто-небудзь з кіраўнікоў дзяржаваў ЭЗ і ЗША сёлета патэлефануюць Лукашэнку, 6 — што гэтага не адбудзецца.
13 экспэртаў не чакаюць сёлета масавых пратэстаў у Беларусі, толькі двое маюць адваротную думку. Многія даюць умоўны прагноз: пры захаваньні цяперашняй сытуацыі ня будзе, а ў выпадку, калі беларускае войска пашлюць на вайну, могуць і быць.
У канцы 2021 году большасьць экспэртаў прадказвалі, што за 2022 год колькасьць палітвязьняў, прызнаных міжнароднай супольнасьцю, зьменшыцца. Насамрэч за год яна павялічылася ў паўтара раза. Цяпер палова апытаных прадказала, што яна павялічыцца, палова — што зьменшыцца.
Эканамічныя матэрыі не зьяўляюцца сфэрай прафэсійнага зацікаўленьня экспэртаў, апытаных Свабодай. Тым ня менш ім задалі пытаньні, якім будзе курс беларускага рубля адносна даляра і сярэдні заробак у даляравым эквіваленце пад канец 2023 году.
Прагнозы 18 апытаных аб курсе палягалі ў адносна вузкім інтэрвале 2,7–3,3 рубля за даляр. 2,7 — гэта бягучы курс, на працягу 2022 году максымальнае падзеньне было ў лютым — да 3,17. На 2023 год большасьць палітычных экспэртаў, апытаных Свабодай, не прадбачаць абвалу курсу.
14 зь іх прадказваюць і дастатковую стабільнасьць сярэдняга заробку ў далярах — у дыяпазоне 500-600 даляраў.
Зразумела, сярод прагнозаў 21 экспэрта на 2023 год былі і радыкальныя. Але калі гаварыць пра агульны тон, то гэта чаканьне году паўзы. Мо гэта вынік прафэсійнай ацэнкі адсутнасьці перадумоваў зьменаў, мо вынік досьведу няспраўджаных прагнозаў, мо падсьвядомае нежаданьне сурочыць, спрадвечнае беларускае «абы горай не было».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.