Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін загадаў паказваць у расейскіх кінатэатрах дакумэнтальныя фільмы пра напад на Ўкраіну


Ілюстрацыйнае фота: чалавек закрывае далонямі вочы
Ілюстрацыйнае фота: чалавек закрывае далонямі вочы

Уладзімір Пуцін абавязаў Міністэрства культуры Расеі забясьпечыць паказ у расейскіх кінатэатрах дакумэнтальнага кіно, прысьвечанага так званай «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі». Пра гэта гаворыцца ў даручэньні, апублікаваным на афіцыйным сайце прэзыдэнта РФ.

Да першага лютага Міністэрства, згодна з дакумэнтам, павінна прадставіць прапановы па забесьпячэньні паказу ў кінасетках расейскага дакумэнтальнага кіно на тэмы, прысьвечаныя «СВА, барацьбе з распаўсюджваньнем нэанацысцкай і нэафашысцкай ідэалёгіі».

Таксама да першага лютага Мінкульт абавязаны падаць прэзыдэнту РФ свае прапановы па арганізацыі фэстывалю патрыятычнага дакумэнтальнага кіно.

Акрамя гэтага, Пуцін даручыў Міністэрству абароны аказаць садзейнічаньне расейскім дакумэнталістам у падрыхтоўцы кінэматаграфічнага матэрыялу пра ўдзельнікаў ваенных дзеяньняў, «якія праявілі адвагу, мужнасьць і гераізм».

Да першага красавіка трэба стварыць «грамадзкія прасторы, арт-аб'екты і школьныя музэі» пра ўдзельнікаў вайны і правесьці ў расейскіх школах урокі па гэтай тэме.

Раней Міністэрства культуры Расеі апублікавала сьпіс з 17 «прыярытэтных» тэмаў дзяржаўнай фінансавай падтрымкі кінавытворчасьці на 2023 год.

Кінэматаграфістам прапануецца здымаць фільмы аб «процідзеяньні спробам фальсыфікацыі гісторыі», «стабільнай і бясьпечнай дзяржаве», «процідзеяньні сучасным праявам ідэалёгіі нацызму і фашызму», а таксама «папулярызацыі гераізму і самаахвярнасьці расейскіх воінаў у ходзе спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» і «папулярызацыі службы ва Ўзброеных сілах РФ».

  • У Беларусі Аляксандар Лукашэнка яшчэ ў 2021 годзе падпісаў указ «Аб разьвіцьці кінэматографу», якім выдзяляў бюджэтныя грошы, каб «стымуляваць вытворчасьць нацыянальных і патрыятычных фільмаў». Дагэтуль дзяржаўнае фінансаваньне кінапраектаў у Беларусі да стварэньня пасьпяховага кінэматографу не прыводзіла. Апошнім гучным праектам быў фільм «Мы, браты...» аб пратэстах 19 сьнежня 2010 году ў Менску, на які ў 2014-м Мінкульт Беларусі выдзеліў некалькі мільёнаў даляраў. Задачай фільму было «вывесьці беларускі кінэматограф на новы ўзровень». Аднак у пракаце ён праваліўся, сабраўшы толькі 2% ад выдзеленых сродкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG