Свабодзе стала вядома, што Яўгена Лівянта пакаралі на 14 сутак арышту, ягоную жонку Юлію — на 15, іх дачку Ганну — на 14 сутак арышту. Іх утрымліваюць у менскай турме на Акрэсьціна.
3 студзеня стала вядома, што сілавікі затрымалі дачку мінскага рэпэтытара Яўгена Лівянта Ганну і яе мужа Мікіту Дразда пасьля іх вяртаньня з Польшчы, напісаў тэлеграм-канал, зьвязаны зь сілавікамі.
У відэа сілавікоў Ганна кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічала ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Яна працуе бізнэс-аналітыкам у польскім філіяле EPAM. Згодна з дадзенымі праваабарончых арганізацый, суд над Ганнай Лівянт адбыўся 30 сьнежня. Аб рашэньні суду пакуль невядома.
Як стала вядома Zerkalo.io, затрымалі і жонку рэпетытара Яўгена Лівянта Юлію. Гэтую інфармацыю выданьню пацьвердзіў знаёмы Яўгена Лівянта. Паводле яго, рэпэтытара, ягоную жонку, дачку і зяця затрымалі ў адзін дзень.
«Цяпер яны знаходзяцца на Акрэсьціна», — расказаў знаёмы пэдагога.
Наколькі вядома знаёмаму, першапачаткова Лівянта і ягоную сям'ю затрымалі ў адміністрацыйнай справе.
На сайце spiski.live таксама ёсьць інфармацыя аб тым, што дачку Яўгена Лівянта Ганну асудзілі 30 сьнежня. Паводле якога артыкулу і на які тэрмін, там не пазначана.
Паводле «Вясны», сілавікі затрымалі таксама суўладальніка адукацыйнага цэнтру «100 балаў» Аляксея Іванова. На відэа сілавікоў яго прымушаюць назваць свой агульны даход за год, а таксама «прызнацца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Як стала вядома Свабодзе, Іванова затрымалі ў пятніцу 30 сьнежня і арыштавалі на 14 сутак.
Вядомага рэпэтытара Яўгена Лівянта затрымалі 28 сьнежня — сілавікі падазраюць яго ва ўдзеле ў пратэстах-2020, «перакрыцьці дарог» і нават «спробе дзяржперавароту», бо Лівянт уваходзіў у склад Каардынацыйнай рады.