Рэпэтытарам працуе амаль 30 гадоў
Лівянт вучыўся на фізычным факультэце БДУ. Пэдагог вышэйшай катэгорыі, выкладае фізыку і матэматыку. Працуе рэпэтытарам з 1995 году, школьным настаўнікам стаў яшчэ ў 1988 году. Яму 56 гадоў, жанаты, у сям’і дзьве дачкі. У 2020 годзе Лівянт увайшоў у першы сьпіс Каардынацыйнай рады.
Адзін з заснавальнікаў адукацыйнага цэнтру «100 балаў»
Лівянт таксама кіруе навучальным цэнтрам, які пачаў працаваць у 2012 годзе. Цяпер гэта сетка адукацыйных цэнтраў у Менску і іншых буйных гарадах Беларусі. Там вучаць школьнікаў розным прадметам, у тым ліку рыхтуюць да ЦТ і паступленьня ў ліцэй.
Наведваць цэнтар Лівянта могуць дзеці рознага ўзросту, як дашкольнікі, так і вучні выпускных клясаў. Акрамя агульнаадукацыйных прадметаў, у цэнтры выкладаюць праграмаваньне, робататэхніку, лёгіку. Цэнтар супрацоўнічае з IT-кампаніяй ЕРАМ. Выхаванцы цэнтру станавіліся прызэрамі і пераможцамі конкурсаў па робататэхніцы.
У «100 балаў» падрыхтавалі больш за тысячу школьнікаў, у тым ліку некалькі дзясяткаў стобальнікаў. Сотні выпускнікоў паступілі ў прэстыжныя ВНУ Беларусі і сьвету.
У 2018 годзе цэнтар «100 балаў» стаў пераможцам у адной з намінацый дзяржаўнага конкурсу «Прадпрымальнік году».
Змагаўся з канкурэнтамі
У 2019–2020 годзе ў рэпэтытарскага цэнтру «100 балаў» узьнік канфлікт зь іншым адукацыйным цэнтрам «КурсСэй», маладзейшым на 5 гадоў. Лівянт тады пісаў заяву на канкурэнтаў, якія, на ягоную думку, «касілі» пад больш вядомы цэнтар і выкарыстоўвалі падобны да іхняга нэймінг у сваёй працы. Заяву разглядала Міністэрства па антыманапольным рэгуляваньні і гандлі. Яно прыйшло да высновы, што закон не парушаны, канкурэнтаў Лівянта тады ніяк не пакаралі.
Крытыкаваў беларускую сыстэму адукацыі
«Міністэрства адукацыі лічыць рэпэтытараў ворагамі, а мяне — ворагам № 1», — казаў Лівянт у інтэрвію «Нашай Ніве» ў 2020 годзе.
Лівянт аналізаваў праблемы беларускай сыстэмы адукацыі — у камэнтарах і дыскусіях у мэдыя, а таксама на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках. Адно з апошніх пытаньняў, якія ён падымаў, — меркаванае ўвядзеньне ў 2023 годзе цэнтралізаванага экзамэну, Лівянт параўноўваў яго з цэнтралізаваным тэставаньнем.
Пэдагог крытыкаваў сыстэму падліку балаў падчас ЦТ, нізкі сярэдні бал, зь якім выпускнікі паступаюць у вышэйшыя вучэльні, вяртаньне школьнай формы і «вучэбна-вытворчых камбінатаў» у школы. Абараняў ліцэі і прыватныя школы ад закрыцьця.
Яўген Лівянт таксама выказваўся пра іншыя гучныя школьныя падзеі. Да прыкладу, пра стаўпецкую трагедыю, калі падчас уроку школьнік забіў вучня і настаўніцу, і пра скандальны выпадак, калі настаўніца замахнулася на вучня партай.
Крытыкаваў папярэдняга міністра адукацыі Ігара Карпенку ня толькі за ягоныя рашэньні, але і за стыль камунікацыі. Пасьля гэтага ў рэпэтытарскі цэнтар прыйшлі праверкі.
Вось некаторыя публічныя выказваньні Яўгена Лівянта:
- «Тое, што робіць Міністэрства адукацыі, за мяжой здаровага сэнсу, маралі і закону» .
- «Думаю, што галоўная мэта рэформы — схаваць вынікі папярэдніх рэформаў, якія прывялі да правалу сыстэмы школьнай адукацыі».
- «Міністэрства адукацыі прыдумала нежыцьцяздольны гібрыд ЦТ і ЕГЭ».
- «Пастаянныя зьмены ў сыстэме выпускных і ўступных экзамэнаў нагадваюць мне краму, дзе якасьць тавараў на паліцах усё горшая, іх становіцца ўсё менш, а кіраўніцтва бясконца зьмяняе касавыя апараты і касіраў, а яшчэ пераклейвае этыкеткі ў надзеі палепшыць стан рэчаў».
Часта пэдагог выказваўся з іроніяй:
«Паводле неправеранай інфармацыі, у новыя правілы ўступнай кампаніі ў ВНУ Міністэрства адукацыі плянуе дадаць дазвол для абітурыентаў на 4 падказкі падчас экзамэну:
1) адно тэлефанаваньне рэпэтытару;
2) магчымасьць прыбраць два з паловай няправільныя адказы ў адной з задач часткі А;
3) дазвол залічыць адзін няправільны адказ як правільны;
4) дапамога аўдыторыі пры адказе на адно з пытаньняў тэсту».
Некалькі чалавек адзначылі, што Лівянт займаўся пытаньнямі менавіта сыстэмы адукацыі ў Беларусі, але не крытыкаваў палітыку дзяржавы ў цэлым.
«Крыштальна чысты чалавек, які любіць дзяцей і пераймаецца за тое, што адбываецца ў сыстэме адукацыі. Што да палітычных схільнасьцяў, то ён прыхільнік нашай моцнай дзяржавы і дзяржаўнасьці», — ананімна ахарактарызаваў Свабодзе Лівянта ягоны знаёмы.
Разьлічваўся шакалядкамі
Лівянт як пэдагог вядомы лагоднасьцю і строгасьцю адначасова. Ён шмат жартуе з сваімі вучнямі, але пры гэтым можа пакінуць на дадатковыя гадзіны рашаць задачы або досыць рэзка выказацца пра вынікі вучня. Матывуе дзяцей вучыцца, пагражаючы працай у McDonald’s. Замест школьнай указкі ён мог выкарыстоўваць паласаты дручок, як у ДАІ.
«Валюта», якой карыстаюцца ў адукацыйным цэнтры, — гэта шакалядкі. Ужо традыцыя, калі выкладчык б’ецца аб заклад з вучнем, на колькі балаў той здасьць ЦТ. Той, хто прайграе, аддае пераможцу розьніцу балаў шакалядкамі. Абавязковая ўмова: шакалядкі павінны важыць роўна 100 грамаў. У кабінэце Яўгена Барысавіча быў цэлы сэйф з салодкімі падарункамі.
Дзеці таксама дазваляюць сабе жартаваць з выкладчыкам. Прыкладам, яны далі яму мянушку «Грынч», бо той таксама псуе людзям сьвяты. Прычынай стала тое, што цэнтар прапанаваў дзецям бясплатна наведваць заняткі ў зімовыя вакацыі, і многія бацькі забавязалі дзяцей вучыцца падчас адпачынку.
Такі дыялёг пераказаў Лівянт на сваёй старонцы ў Facebook:
«— Яўген Барысавіч, давайце дамовімся. Я згодная па аўторках працаваць па 3 гадзіны, але па чацьвяргах вы будзеце адпускаць мяне праз 2.
— Маша, вы ўжо ад стадыі адмаўленьня і гневу перайшлі да стадыі торгу. Неўзабаве дойдзем і да пятай стадыі — прыняцьце.
— Яўген Барысавіч, апошняя стадыя — гэта не прыняцьце, а помста, — сказала дзяўчына і чароўна ўсьміхнулася».
Што вядома пра затрыманьне Яўгена Лівянта
Яго затрымалі 27 сьнежня падчас уроку. Закідаюць «удзел у пратэстах» і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сілавікі прымусілі Лівянта запісаць відэа, дзе той кажа, у чым вінаваты, на іхнюю думку, агучвае свой заробак і пералічвае сваю маёмасьць.
Да таго ж ідзе асобная праверка рэпэтыцыйнага цэнтру «100 балаў», які, «не зьяўляючыся ўстановай адукацыі, фактычна ажыцьцяўляў ліцэнзуемую дзейнасьць з дапамогай змовы з прыватнай школай „Апэльсін“».