Здымак зьявіўся з кароткім подпісам: «Плян гатовы».
Сам Валер Сахашчык у размове з карэспандэнтам Свабоды адзначыў, што хацеў бы пакуль устрымацца ад камэнтароў на гэтую тэму. «Спадзяюся на разуменьне», — сказаў ён.
З крыніцаў, блізкіх да спадара Сахашчыка, Свабодзе стала вядома, што гэта ня першая сустрэча між Сахашчыкам і Залужным. Валера Сахашчыка прымаюць ва Ўкраіне на вельмі высокім узроўні.
«Сустрэчы між імі адбываліся і раней. Публікацыя фатаздымку — гэта не дэклярацыя нейкіх намераў. Фота апублікавана ў той момант, калі папярэднія дамоўленасьці ўжо пачалі выконвацца», — сказала крыніца з асяродзьдзя Сахашчыка.
Валер Сахашчык — падпалкоўнік. У мінулым камандзір дэсантна-штурмавой брыгады ў Берасьці. У армейскім асяродзьдзі быў вядомы як «Чорны арол». У 2020 годзе падтрымаў пратэст у Беларусі. У 2022 годзе рэзка выказаўся пра ўдзел беларусаў у вайне ва Ўкраіне. 10 жніўня 2022 году падчас канфэрэнцыі «Новай Беларусі» ў Вільні стаў «міністрам абароны» ў кабінэце Сьвятланы Ціханоўскай.
«Сахашчык і Залужны паразумеліся на сучасным падыходзе да вядзеньня баявых дзеяньняў. Погляды ў іх вельмі падобныя», — сказала крыніца.
На пачатку сьнежня падчас прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве Валер Сахашчык казаў, што ва Ўкраіне будзе створаная беларуская вайсковая частка, у якую ўвойдуць добраахвотнікі зь Беларусі.
«Гэта сіла, якая ўраўнаважыць узаемаадносіны цяперашняй беларускай улады і большай часткі народу, якая выказалася на выбарах за перамены. І я ўпэўнены, што на сёньня паўтарэньне сцэнару 2020 году немагчымае», — казаў Сахашчык.
На дадзены момант ва Ўкраіне ваююць некалькі сотняў беларускіх добраахвотнікаў, якія раскіданыя паміж палком Каліноўскага, Беларускім добраахвотніцкім корпусам, палком «Пагоня», а таксама ўкраінскімі вайсковымі часткамі. Ад пачатку поўнамаштабнай вайны загінулі 18 беларускіх добраахвотнікаў.