«Я дакладна ведаю, што ў вас застаўся прыкладна адзін тыдзень, пакуль яшчэ ёсьць хоць нейкі выбар. На пачатку студзеня расейскія ўлады закрыюць межы для мужчын, потым абвесьцяць ваеннае становішча і пачнуць чарговую хвалю мабілізацыі. Межы таксама будуць закрытыя і ў Беларусі», — сказаў Аляксей Рэзьнікаў у звароце.
Міністар абароны Ўкраіны заклікаў расейцаў задаць сабе ўсяго адно пытаньне і шчыра на яго адказаць: калі яны адправяцца на вайну, дзе могуць загінуць або стаць калекам, за што канкрэтна кожны зь іх асабіста будзе ваяваць.
Ён распавёў у звароце пра страты расейскага войска за 10 месяцаў вайны, пра тое, што ўлады Расеі яшчэ летам адмаўлялі магчымасьць мабілізацыі, а пасьля пачалі яе, нагадаў пра адпраўку на вайну дзясяткаў тысяч вязьняў, пра паўгадавыя спробы ўзяць Бахмут.
«Кіраўніцтва Расеі ўжо даўно разумее, што задума з вайной супраць Украіны абярнулася для іх катастрофай, і ў інтарэсах Расеі як мага хутчэй яе скончыць. Але яны ня могуць вам у гэтым прызнацца, бо тады давядзецца за ўсё адказваць», — сказаў Аляксей Рэзьнікаў.
На думку міністра, адзіная прычына, дзеля якой расейцаў адпраўляюць на вайну з Украінай — каб яны «абаранілі злачынцаў, іх палацы, іх банкаўскія рахункі, і самі сталі злачынцамі».
«Калі вайна зацягнецца, асабіста ў вас вырастуць шанцы загінуць, бо за новай хваляй мабілізацыі будзе наступная, а потым яшчэ. І таму, хто сядзіць у бункеры, усё роўна, колькі расейцаў загінуць. Галоўнае, каб не дабраліся да іх. Чым больш доўжыцца гэтая вайна, тым больш цяжкімі будуць наступствы для простых расейцаў», — падкрэсьліў Рэзьнікаў.
Ён заклікаў расейцаў ухіляцца ад мабілізацыі, каб паскорыць заканчэньне вайны, бо «гэта ўсё адно адбудзецца — пытаньне толькі ў цане і ці будзе гэтая цана аплочаная вашай крывёй».