Вядома, можна сказаць, што Савецкі Саюз быў рэінкарнацыяй Расейскай Імпэрыі (з істотнымі стратамі кшталту Польшчы і невялікімі дадаткамі накшталт Тывы). Але гэтая збольшага слушная ў сваёй сутнасьці фармулёўка мае адну загану — зь яе выпадаюць некалькі важных гадоў, 1918–1920, калі тая імпэрыя сьціснулася да памераў некалькіх губэрняў вакол Масквы.
Быў момант, калі войскі Дзянікіна, Калчака, Краснова, іншых менш вядомых генэралаў ды адміралаў геаграфічна істотна звузілі ўладу бальшавікоў і нават паставілі ленінскі ўрад РСФСР перад пагрозай эміграцыі; у сэйфе «прэзыдэнта» рэспублікі Сьвярдлова праз некалькі дзесяцігодзьдзяў нават знайшлі выпісаныя на іншыя прозьвішчы пашпарты бальшавіцкіх правадыроў.
У савецкай школе нам расказвалі, што нядоўга радаваліся супастаты Антанты: неўзабаве вораг біў адбіты Чырвонай Арміяй на ўсіх франтах, пралетарыят вярнуў уладу на вызваленых тэрыторыях і народ распачаў мірнае будаўніцтва.
Засяродзіўшыся на посьпехах коньніцы Будзённага ці подзьвігах Лазо ды Шчорса, настаўнікі неяк абміналі пытаньне: а што ж у тыя некалькі гадоў, пакуль бальшавіцкая ўлада не распаўсюдзіла свой уплыў, было на «акупаваных» тэрыторыях?
Абрэвіятура «БНР» на ўроках гісторыі ў нашай віцебскай школе не гучала дакладна. Думаю, падобная сытуацыя была ў якіх-небудзь чарнігаўскіх ці жытомірскіх школах з «УНР».
І толькі пазьней, у 80-я, мы даведаліся, што ў той час існавалі незалежныя беларуская ды ўкраінская рэспубліка.
Былі і самастойныя дзяржаўныя ўтварэньні на Каўказе, у Сярэдняй Азіі.
Утварыліся яны якраз па волі народу, былі абвешчаныя паводле легітымных у тыя часы правілаў, але патопленыя ў крыві, зьнішчаныя бальшавіцкай уладай, тымі самымі «героямі» са школьных падручнікаў.
І вось гэта вельмі важна для разуменьня сутнасьці саюзнага ўтварэньня: СССР быў ня «созданный волей народов», як сьпявалася ў сталінскім гімне, а створаны пасьля задушэньня народнага волевыяўленьня.
У Беларусі найбольш вядомым прыкладам зьяўляецца гісторыя Слуцкага паўстаньня; былі свае паўстанцы і ў іншых рэспубліках.
Ці можна было чакаць пасьля такога, што ўтвораны ў выніку гвалту Савецкі Саюз будзе кіравацца нейкімі прынцыпамі гуманізму, роўнасьці ды братэрства?
Пэўна, людзей, якія верылі ў гэта, было нямала. Іх наіўныя ілюзіі пачалі руйнавацца ўжо ў канцы 20-х, а 15-гадовы юбілей Савецкі Саюз сустрэў бяз многіх дэлегатаў зьезду Саветаў, якія падпісалі Дэклярацыю аб утварэньні СССР: акурат 1937 году па ступені вядомасьці і згадваньня ў гістарычнай літаратуры давялося пераплюнуць 1922-і і стаць на ўзровень з 1917-м.
Дэкляруючы раўнапраўе нацый, СССР зьяўляўся надзвычай дзіўнай і часта пазбаўленай усялякай лёгікі структурай.
Асабліва прасочваецца гэта ў герархіі падзелу на саюзныя і аўтаномныя рэспублікі. Да прыкладу, у Малдавіі людзей жыло значна менш, чым у сучасным Татарстане, але Кішынёў быў сталіцай саюзнай рэспублікі, а Казань — толькі аўтаномнай.
Вы можаце сьмела спрачацца на што заўгодна амаль з кожным, хто вучыўся ў савецкай школе і памятае з буквара пра «Пятнаццаць республик — пятнадцать сестёр», што 15 не максымальная колькасьць саюзных рэспублік у гісторыі СССР, у свой час іх было 16, але пра гэта хутка забыліся і практычна ніколі ня згадвалі.
Але не рызыкуйце рабіць падобнае з вэтэранамі КДБ. Выпускнікоў вышэйшых школаў КДБ выкладчыкі лавілі на веданьні біяграфіі Андропава: ня дай Бог было сказаць, што галоўны чэкіст у свой час узначальваў камсамол Карэльскай аўтаномнай ССР. Не, гэта быў камсамол Карэла-Фінскай саюзнай ССР. Існавала такая рэспубліка з 1940-га па 1956 год.
У СССР з радыёпрымачоў ліліся песьні пра дружбу савецкіх народаў — а вось як было з каханьнем? Калісьці чытаў, што да нейкага юбілею СССР журналістам так і не ўдалося знайсьці сямейную пару, дзе жонкай была б эстонка, а муж — таджык. Магчыма, занадта розныя культурныя традыцыі, якія немагчыма сабраць у «сярэдняе арытмэтычнае».
Нібыта і пратрываў СССР нямала — амаль 70 гадоў, мільёны людзей нарадзіліся ў СССР і ў СССР памерлі, але калі параўнаць гэта з Асманскай, Аўстра-Вугорскай альбо з Брытанскай імпэрыямі — вельмі сьціплы, нават несур’ёзны тэрмін.
І хаця пасьля 1991-га дзеці расьпявалі на матыў гімну «Союз нерушимый попал под машину», але крах СССР быў не няшчасным выпадкам, а цалкам прадвызначай заканамернасьцю.
Машына гісторыі сапраўды бязьлітасная — і цалкам магчыма, што 1991 год быў яшчэ не канцом і на нашых вачах, уцягваючы ў вір вайны тысячы жыцьцяў, канчаткова канае тое, што некалі звалася СССР.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.