28 ліпеня 2022 года супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі Сьвятаслава Лепешава за «лайк» у Facebook. Затрыманьне адбылося ў Горадні, дзе Сьвятаслаў адбываў пакараньне ў горадзенскім ПУАТ № 24 (на так званай хіміі). За час знаходжаньня ў папраўчай установе празь цяжкую працу там, якая яму супрацьпаказаная, у яго пачаў падаць зрок. Пасьля затрыманьня сілавікі ўдарылі мужчыну па галаве, праз гэта сытуацыя з вачыма пагоршылася, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Лекары паставілі Сьвятаславу дыягназ — дыябэтычная рынапатыя. Прызначылі лекаваньне лазэрам, але з прычыны ўзмацненьня рэжыму яго прыйшлося спыніць. Лепешаву можа пагражаць сьлепата і інваліднасьць, пішуць праваабаронцы.
Юрыдычная служба «Вясны» накіравала зварот у Спэцыяльныя працэдуры Рады па правах чалавека з нагоды затрыманьня, арышту і моцнага пагаршэньня здароўя Лепешава.
Спэцыяльныя працэдуры Рады па правах чалавека — гэта незалежныя экспэрты ў галіне правоў чалавека, упаўнаважаныя інфармаваць і кансультаваць па пэўных пытаньнях у галіне правоў чалавека альбо па сытуацыях з правамі чалавека ў пэўных краінах. Сыстэма Спэцыяльных працэдур — цэнтральны элемэнт мэханізму ААН па правах чалавека, яна ахоплівае грамадзянскія, культурныя, эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя правы чалавека.