У Менскім гарадзкім судзе 26 сьнежня вынесьлі прысуды ў крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандра Ярашука, ягонага намесьніка Сяргея Антусевіча і бухгальтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі ў «дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342), а Ярашука таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361).
Судовы працэс вяла судзьдзя Валянціна Зянкевіч, паведаміла «Вясна». Яна прызначыла палітвязьням наступныя тэрміны:
- Аляксандру Ярашуку — 4 гады калёніі агульнага рэжыму;
- Сяргею Антусевічу — 2 гады;
- Ірыне Бут-Гусаім — 1,5 года.
У заяве Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў з гэтай нагоды адзначылі, што віцэ-прэзыдэнт МКП і старшыня Канфэдэрацыі працы Расеі Барыс Краўчанка назіраў за судовым працэсам і даваў паказаньні.
«Я змог данесьці да суду пазыцыю маёй арганізацыі, а таксама МКП, — сказаў Краўчанка. — Суд быў праведзены працэсуальна правільна, але нашы калегі асуджаныя паводле артыкулаў, якія самі па сабе парушаюць міжнародныя абавязаньні, у тым ліку канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы, а таксама канстытуцыйныя правы грамадзян Беларусі. Ужываньне гэтых артыкулаў да прафсаюзных дзеячаў абсурдна. Мы працягнем барацьбу за іх поўную рэабілітацыю, за аднаўленьне БКДП і свабоду аб’яднаньняў у Беларусі».
Намесьнік генэральнага сакратара МКП Оўэн Цюдар заявіў, што «прафсаюзы ўсяго сьвету абураныя несправядлівасьцю гэтага нападу на свабоду асацыяцыі» ў Беларусі.
«Мы працягнем змагацца за іх вызваленьне, спыненьне перасьледу ўсіх прафсаюзных актывістаў у Беларусі і поўную адмену забарон, накладзеных на БКДП і яе членскія арганізацыі. Мы на баку працоўных Беларусі», — падкрэсьліў прадстаўнік глябальнага прафсаюза.