У эфіры «Беларусь 1» прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка прызнаў, што ў краіне назіраецца невялікае зьніжэньне даходаў насельніцтва.
«Хоць налічаная заработная плата расьце, але за кошт інфляцыі мы крыху пад’елі рэальную заработную плату», — сказаў Галоўчанка.
Чыноўнік кажа, што ў Беларусі ўжо трэці месяц назіраецца дэфляцыя — цэны становяцца ніжэйшымі. У лістападзе — мінус 1,1%. Ён спадзяецца, што па выніках году інфляцыя складзе 12-13%.
Пры гэтым Нацбанк плянаваў інфляцыю па выніках году на ўзроўні 6%. У лістападзе 2021 году яна склала 13,3%.
З 6 кастрычніка Лукашэнка ў сваім выступленьні загадаў дырэктыўна спыніць рост цэнаў. 19 кастрычніка ўрад усё ж адмяніў гэтую забарону, але ўвёў іншае рэгуляваньне. Тых прадстаўнікоў гандлю, хто ўсё ж падняў цэны, затрымлівалі, штрафавалі, на некаторых заводзілі крымінальныя справы.
На гэтым тыдні ў Беларусі зноў дазволілі разьбіраньне тушак птушак у аб’ектах гандлю, што забаранілі ў кастрычніку. Калі раней у правілах продажу тавараў было забаронена прадаваць часткі тушкі птушак, за выключэньнем вырабленых мясаперапрацоўчымі, птушкагадоўчымі і сельскагаспадарчымі арганізацыямі, то цяпер будзе забаронена прадаваць часткі тушак курэй, куранят-бройлераў. Такім чынам, крамы змогуць разьбіраць і прадаваць разабраных індычак, качак і іншыя віды птушак, але не курэй і не куранят-бройлераў.