Калі раней у правілах продажу тавараў было забаронена прадаваць часткі тушкі птушак, за выключэньнем вырабленых мясаперапрацоўчымі, птушкагадоўчымі і сельскагаспадарчымі арганізацыямі, то цяпер будзе забаронена прадаваць часткі тушак курэй, куранят-бройлераў. Такім чынам, крамы змогуць разьбіраць і прадаваць разабраных індычак, качак і іншыя віды птушак, але не курэй і не куранят-бройлераў.
Пастанову афіцыйна апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, яна ўступае ў сілу пасьля апублікаваньня.
На нарадзе з эканамічным блёкам 6 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка загадаў забараніць павышэньне цэнаў. Тады ж ён асобна спыніўся на тым, што вытворцы мяса птушкі, абыходзячы мэханізмы рэгуляваньня цэн, якія дзейнічалі ў краіне, павышаюць цану разабранай тушкі курэй ці куранят у параўнаньні з цэлымі тушкамі.
Урад адрэагаваў на яго словы, забараніўшы крамам прадаваць разабраныя на месцы тушкі, а Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю адрэгулявала цэны на часткі тушкі, пастанавіўшы, што цана дзьвюх паўтушак, пярэдняй і задняй чвэртак тушкі не павінна перавышаць цану цэлай тушкі, а цана іншых частак тушкі — цаны тушкі, павялічанай на 10%.
У выніку дзеяньняў ураду, як піша reform.by, у беларускіх крамах зьявіліся праблемы зь мясам індычкі, бо часта гэты від птушкі пастаўляўся ў крамы цэлымі тушкамі, якія разьбіраліся на месцы. Суцэльная тушка індычкі можа важыць 5-20 кг і ня будзе карыстацца вялікім попытам праз сваю цану, у адрозьненьне ад парэзанай на часткі.