Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што 23 сьнежня на літоўска-беларускім памежжы не зафіксавалі ніводнай спробы пранікненьня. Са студзеня іх было зроблена 11.137.
Літоўскае ведамства са спасылкай на калег з Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі таксама адзначыла, што ў папярэдні дзень задакументавана 40 спробаў незаконнага перасячэньня беларуска-латвійскай мяжы.
Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, за мінулыя суткі з боку Беларусі мяжу спрабавалі нелегальна перасекчы 103 замежнікі (суткамі раней — 66, ад пачатку месяца — 1.160, года — 15.300). За дапамогу нелегальнай міграцыі затрымалі двух грамадзян Украіны і аднаго грамадзяніна Беларусі.
- Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 года. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
- Да пачатку вайны ва Украіне міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
- Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.