Як паведамляе арганізацыя Human Constanta, адно з выстаўленых праваабаронцы абвінавачваньняў — арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады альбо якія пацягнулі парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях пры адсутнасьці прыкмет больш цяжкага злачынства.
Другі артыкул не ўдакладняецца.
Праваабаронцу затрымалі 28 кастрычніка. Праўладныя рэсурсы распаўсюдзілі відэазапіс, на якім яна кажа, што «атрымлівала фінансаваньне ад замежных арганізацый». З той пары яе чатыры разы арыштоўвалі на 15 сутак паводле абвінавачваньня ў дробным хуліганстве.
Сёлета ў верасьні — кастрычніку яна таксама прабыла ў няволі 30 сутак.
Раней паведамлялася, што Сьледчы камітэт закрыў заведзеную на яе крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў.
- Анастасія Лойка была ў камандзе Human Constanta, займалася пытаньнямі рэпрэсіўнага «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, абароны правоў замежных грамадзян і людзей без грамадзянства ў Беларусі, нефармальнай адукацыі ў сфэры правоў чалавека.
- Дэ-юрэ ліквідаваная ўладамі праваабарончая арганізацыя Human Constanta працягвае займацца правамі чалавека ў трох асноўных кірунках: абарона правоў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, барацьба з дыскрымінацыяй і адукацыя ў галіне правоў чалавека, лічбавая свабода.
- Праваабаронцы прасоўваюць грамадзкія інтарэсы і сумесныя дзеяньні ў адказ на сучасныя выклікі ў сфэры правоў чалавека. Таксама яны супрацьдзейнічаюць мове варожасьці ў СМІ.
- Ад пачатку года ўлады Беларусі блякуюць доступ да сайта арганізацыі на тэрыторыі краіны.
- Human Constanta заклікала міжнародныя арганізацыі публічна заявіць пра сваю пазыцыю ў сувязі з затрыманьнем Лойкі, перасьледам іншых беларускіх праваабаронцаў і задзейнічаць усе даступныя міжнародныя мэханізмы для спыненьня рэпрэсій у Беларусі.