«Прадстаўнікі дэмакратычных сіл, сродкаў масавай інфармацыі і грамадзянскай супольнасьці, якія ўцяклі з краіны, ратуючыся ад перасьледу, рызыкуюць застацца без грамадзянства», — сказана ў заяве Эўраслужбы зьнешніх дзеяньняў.
Гэта зьяўляецца парушэньнем міжнароднага права, бо Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека «абараняе права кожнага на грамадзянства і забараняе адвольнае пазбаўленьне яго».
«Папраўка да закона аб грамадзянстве зьяўляецца яшчэ адным прыкладам росту ўзроўню беззаконьня ў Беларусі», — гаворыцца ў дакумэнце.
- Савет Рэспублікі 21 сьнежня ўхваліў законапраект «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», паведамляе яго прэс-служба.
- 14 сьнежня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняла яго адразу ў двух чытаньнях.
- Вызначаецца новая падстава страты грамадзянства — у сувязі з «наяўнасьцю выраку суду, які набыў законную сілу, і пацьвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьне ім цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі, калі такая асоба знаходзіцца за межамі Беларусі».