Ён растлумачыў, што частка рэдакцыі «Дождя» арандуе асобныя памяшканьні ў будынку, паколькі ў той час, калі тэлеканал хацеў пачаць працу ў Латвіі, TV3 лічыў важным крокам даць магчымасьць незалежным апазыцыйным расейскім СМІ працягваць працу, улічваючы, што яны атрымаюць неабходныя дазволы і ліцэнзіі для дзейнасьці ў Латвіі.
«На падставе рашэньня Нацыянальнай рады электронных СМІ (NEPLP) ануляваць ліцэнзію „Дождю“ мы няя бачым магчымасьці далейшага выдзяленьня памяшканьня для носьбіта, у сувязі з чым дамова арэнды будзе скасаваная і памяшканьне плянуецца вызваліць у студзені», — зазначыў Пазьнякоў.
Этэр тэлеканалу з Латвіі спыніўся ў ноч на 8 сьнежня — NEPLP адклікаў ліцэнзію за фразу вядучага Аляксея Карасьцялёва аб «дапамозе» расейскім мабілізаваным і іншыя парушэньні. Карасьцялёва звольнілі з «Дождя», яму таксама забаранілі ўезд у Латвію, хоць латвійскай візы ў вядучага няма, ён працуе з Грузіі.
Прэтэнзіі латвійскага рэгулятара «Дождь» назваў «несправядлівымі і абсурднымі», тэлеканал працягвае вяшчаньне на YouTube. У падтрымку «Дождя» выступілі Латвійская асацыяцыя журналістаў, «Рэпартэры бязь межаў» і іншыя журналісцкія аб’яднаньні. Да заявы выданьня «Медуза» супраць адкліканьня ліцэнзіі далучыліся найбуйнейшыя расейскія незалежныя мэдыі, а таксама журналісты і рэдакцыі з Латвіі, Украіны, Літвы, Эстоніі, Фінляндыі, Нямеччыны, Армэніі, Італіі, Малдовы, Польшчы, ЗША і іншых краін.
Таксама Упраўленьне ў справах грамадзянства і міграцыі Латвіі зьвярнулася да тэлеканалу «Дождь» з просьбай растлумачыць, чым пасьля рашэньня NEPLP аб ануляваньні ліцэнзіі на вяшчаньне будуць займацца супрацоўнікі, якія раней атрымалі ў Латвіі працоўныя візы.