Пячэрскі раённы суд Кіева падоўжыў да 10 лютага ўтрыманьне пад вартай грамадзяніна Беларусі Юрыя Белавусава, які са жніўня служыў па кантракту ва Ўзброеных сілах Украіны і ўдзельнічаў у баях за вызваленьне ад расейцаў паўднёвых тэрыторый Ўкраіны.
Юрыя Белавусава падазраюць у трох цяжкіх злачынствах — незаконнае пазбаўленьне волі і выкраданьне чалавека (ч. 2 арт. 146 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны), катаваньне (ч. 2 арт. 127) і пагроза забойствам (ч. 1 арт. 129).
Беларуса затрымалі сёлета 18 кастрычніка. Падставай стала тое, што ён не зьяўляўся на пасяджэньні суду. На судовым пасяджэньні адвакат Юрыя Белавусава заявіў, што той ня мог самавольна пакінуць тэрыторыю вайсковай часткі, каб прыехаць на судовы разгляд справы. Але суд не ўлічыў гэтыя абставіны.
Яшчэ адзін фігурант гэтай справы — Юры Іёнаў, вядомы баец батальёну «Азоў» 2014 году. Але ён загінуў сёлета пры абароне Марыюпалю. У розны час Юры Іёнаў быў актывістам шэрагу грамадзкіх арганізацый, якія стварыў яшчэ адзін вядомы азовец, Сяргей Кароткіх: ён да атрыманьня ўкраінскага пашпарта быў грамадзянінам Беларусі.
У часе расьсьледаваньня сьледчыя вызначылі, што ў сьнежні 2017 году Юры Белавусаў і Юры Іёнаў ехалі на аўтамабілі BMW па Кіеве, і, праяжджаючы па адной з цэнтральных вуліц, выехалі на пешаходную зону. Адзін зь мінакоў зрабіў ім заўвагу. У адказ яны заштурхалі таго ў аўтамабіль на задняе сядзеньне.
Цяпер, на чарговым пасяджэньні пракурор удакладніў, што Юры Белавусаў пагражаў пацярпеламу прадметам, падобным на пісталет, загадваў таму «легчы на зямлю тварам уніз і піць ваду з лужыны», а гэтыя дзеяньні суправаджаў «зьбіцьцём і іншымі гвалтоўнымі дзеяньнямі».
Першапачаткова Юрыя Белавусава затрымалі 28 траўня 2020 году. Ён знаходзіўся пад вартай да 8 верасьня 2020 году — да таго моманту, калі суд зьмяніў меру папярэдняга стрыманьня на альтэрнатыўную — унясеньне грашовага закладу ў памеры 42 040 грыўняў (на той момант каля 1,5 тысячы даляраў у эквіваленце. — РС).
Ад жніўня Юры Белавусаў служыць жаўнерам-стралком у адной з вайсковых частак Узброеных сіл Украіны. Ягоныя камандзіры зьвярталіся ў суд з хадайніцтвам аб узяцьці беларуса на парукі, але суд у гэтым адмовіў.