Сьцісла:
- Паняцьце «грамадзянская супольнасьць» — неад’емны элемэнт заходняй палітычнай культуры.
- Як у савецкія часы: грамадзкія арганізацыі бачацца як дадатак да дзяржаўных органаў, як інструмэнт у іхных руках дзеля кантролю над грамадзтвам.
- Рэальна незалежныя ад дзяржавы супольнасьці ў такой сыстэме дзейнічаць не могуць.
- У выбарах дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу могуць удзельнічаць толькі прадстаўнікі абдзяржаўленых арганізацыяў.
З 2020 году ў Беларусі пасьлядоўна вынішчаецца грамадзянская супольнасьць. За гэты час былі зьліквідаваныя 1102 грамадзкія арганізацыі. Яшчэ 699 у працэсе прымусовай ліквідацыі. 403 арганізацыі прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі пад ціскам уладаў.
І толькі цяпер пад гэты працэс падводзіцца заканадаўчая база. Апублікавалі праект закону «Аб асновах грамадзянскай супольнасьці». Зь яго вынікае, што ў праўным рэгуляваньні дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў Беларусь адкінутая больш чым на 30 гадоў назад — у савецкія часы.
Дарэчы, у СССР такога тэрміну, як «грамадзянская супольнасьць», не існавала. Затое шырока выкарыстоўвалася паняцьце «грамадзтва», якое фактычна атаясамлялася з паняцьцем «дзяржава». У таталітарнай сыстэме дзяржава паглынае грамадзтва, яны існуюць у неразрыўным сымбіёзе, усе грамадзкія арганізацыі ёсьць толькі прыдаткам дзяржаўных інстытутаў. І калі падчас гарбачоўскай перабудовы зьявіліся сапраўды незалежныя ад дзяржавы структуры, афіцыйныя СМІ называлі іх «нефармаламі» і вялі зь імі барацьбу. Бо не разумелі, як гэта можа нешта існаваць па-за дзяржаўным кантролем. І вось гісторыя паўтараецца, але ўжо ў выглядзе фарсу.
Увогуле паняцьце «грамадзянская супольнасьць» — неад’емны элемэнт заходняй палітычнай культуры, эўрапейскіх каштоўнасьцяў, неабходная складовая частка дэмакратычных інстытутаў. Безь вялізнага канглямэрату недзяржаўных арганізацыяў дэмакратыя ня можа функцыянаваць.
Але цяпер у Беларусі эўрапейская дэмакратыя абвешчаная варожай ідэяй, якая супярэчыць «традыцыйным каштоўнасьцям». У згаданым законапраекце тэрмін «грамадзянская супольнасьць» захаваўся, але яму надаецца зусім іншы сэнс.
У заходнім палітычным дыскурсе грамадзянская супольнасьць — інстытут самаарганізацыі грамадзянаў, мэханізм кантролю за ўладай, зваротнай сувязі паміж уладай і грамадзтвам, нават элемэнт пярэчаньня дзяржаве. Грамадзкія інстытуты, паводле азначэньня, не засноўваюцца зьверху, а ўзьнікаюць спантанна, добраахвотна, у выніку свабоднага ўзаемадзеяньня грамадзянаў, якія перасьледуюць розныя індывідуальныя мэты. Яны працуюць адпаведна прынцыпу зьнізу ўверх, даводзячы свае пажаданьні ўладам.
У законапраекце задачамі грамадзянскай супольнасьці названыя забесьпячэньне народнага адзінства, «незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларуси і дзяржаўнага сувэрэнітэту». І самае галоўнае — «рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі». А таксама «патрыятычнае выхаваньне» і іншыя задачы. То бок на грамадзкія арганізацыі ўскладаюцца функцыі дзяржаўных інстытутаў.
Гэта значыць, што, як у савецкія часы, грамадзкія арганізацыі бачацца як дадатак да дзяржаўных органаў, інструмэнт у іхных руках дзеля кантролю над грамадзтвам. Яны працуюць адпаведна прынцыпу зьверху ўніз, бо закліканыя даводзіць да народу дзяржаўныя ўстаноўкі.
У рамках такой сыстэмы могуць існаваць толькі абдзяржаўленыя арганізацыі, якія дзеля маскаваньня будуць называць структурамі грамадзянскай супольнасьці. Рэальна незалежныя ад дзяржавы супольнасьці ў такой сыстэме дзейнічаць ня могуць. То бок фактычна існаваньне грамадзянскай супольнасьці цяпер будзе забароненае на заканадаўчым узроўні. Тое, што апошнія два гады было зроблена дэ-факта, цяпер фіксуецца дэ-юрэ.
А тое, што ў выбарах дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу могуць удзельнічаць толькі прадстаўнікі гэтых абдзяржаўленых арганізацый, лягічна выцякае з самога канцэпту, які ляжыць у аснове законапраекту «Аб асновах грамадзянскай супольнасьці». Чужыя тут ня ходзяць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі
У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.
«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.
22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.
«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»
«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.
30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.
Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.
Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.
Сярод зьліквідаваных арганізацый
- • Human Constanta
- • Беларуская асацыяцыя журналістаў
- • Беларускі Хэльсынскі камітэт
- • Гродна Лайф Медыя
- • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
- • Зьвяно
- • Имена
- • Мова нанова
- • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
- • ПЭН-цэнтар
- • Прававая ініцыятыва
- • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- • Тэрыторыя правоў
- • Цэнтар прававой трансфармацыі
- • Экадом
- Таварыства беларускай мовы
- Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
- Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
- Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
- Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
- Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)
2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.