Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым міністрам замежных справаў Беларусі прызначылі кадравага дыплямата Сяргея Алейніка


Сяргей Алейнік
Сяргей Алейнік

Папярэдні міністар Уладзімер Макей памёр у лістападзе 2022 году.

Аляксандар Лукашэнка прызначыў новым міністрам замежных справаў Сяргей Алейніка. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал БелТА. Сяргей Алейнік дагэтуль працаваў на пасадзе першага намесьніка міністра.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні абмеркаваў з міністрам усе нюансы ягонай будучай дзейнасці на новай пасадзе і сказаў Алейніку:

«Нялёгка будзе».

Хто такі Сяргей Алейнік

Сяргей Алейнік нарадзіўся ў 1965 годзе ў Менску. Скончыў менскі Пэдагагічны інстытут замежных моваў і дыпляматычную акадэмію ў Вене, спэцыяльнасьць «міжнародныя адносіны». Валодае нямецкай і ангельскай мовамі.

З 1992 году на дыпляматычнай службе. Працаваў консулам Генэральнага консульства Беларусі ў Гаазе (Нідэрлянды), часовым павераным у справах Беларусі ў Каралеўстве Нідэрлянды, сталым прадстаўніком Беларусі ў Арганізацыі забароны хімічнай зброі. Пасьля працы начальнікам дзяржаўнага пратаколу МЗС Беларусі працаваў сталым прадстаўніком Беларусі пры аддзяленьні ААН і іншых міжнародных арганізацый у Жэнэве, надзвычайным і паўнамоцным паслом пры Сьвятым Пасадзе, амбасадарам у Вялікай Брытаніі і Ірляндыі.

У 2013 годзе стаў амбасадарам Рэспублікі Беларусі ў Лёндане, а ў 2020 стаў намесьнікам Уладзімера Макея ў Міністэрстве замежных справаў, дзе ўжо працаваў з 2009 па 2013 гг. 10 лютага 2022 году Лукашэнка паставіў Алейніка першым намесьнікам Макея.

Жанаты, мае двух сыноў.

Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей раптоўна памёр 26 лістапада на 65-м годзе жыцьця. Афіцыйна пра абставіны і прычыны сьмерці да сёньня не паведамляюць. Макей кіраваў МЗС Беларусі 10 год.

Цырымонія разьвітаньня прайшла ў менскім Доме афіцэраў, на ёй прысутнічаў Аляксандар Лукашэнка. Пахавалі Ўладзімера Макея на Ўсходніх могілках у Менску.

Журналіст-расьсьледнік Хрыста Грозеў заявіў, што Bellingcat зоймецца расьсьледаваньнем гэтага здарэньня. Прычынай, чаму сьмерць міністра прыцягнула яго ўвагу, Грозеў назваў «некалькі дзіўных супадзеньняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG