Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта «Белорусы и рынок» спыняе выхад. Гэта загад міністра інфармацыі


«Белорусы и рынок»
«Белорусы и рынок»

Рэдакцыя выданьня паведаміла, што на мінулым тыдні атрымала ліст зь Міністэрства інфармацыі. У ім гаворыцца аб ануляваньні пасьведчаньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі газэты «Белорусы и рынок».

Падставай для гэтага названы падпункт 2.8 пункту 2 артыкулу 15 Закону «Аб сродках масавай інфармацыі».

У загадзе патрабуецца выключыць зь дзяржаўнага рэестру сродкаў масавай інфармацыі «Белорусы и рынок», сэктару рэгістрацыі СМІ і кантролю за выкананьнем заканадаўства прадпісваецца прыняць меры для рэалізацыі загаду. Дакумэнт падпісаў 1 сьнежня міністар інфармацыі Ўладзімер Пярцоў.

На падставе загаду рэдакцыя спыняе выпуск друкаванай вэрсіі газэты. У сьнежні выданьню споўнілася б 32 гады. Яно вядзе гісторыю яшчэ з часоў СССР.

«Дзякуем чытачам, што былі з намі, і спадзяемся на лепшае!» — напісаў былы галоўны рэдактар газэты «Белорусы и рынок» Андрэй Александровіч.

23 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да сайту газэты ў Беларусі «з прычыны распаўсюджваньня на сайце выданьня гіпэрспасылак на матэрыялы, прызнаныя судом экстрэмісцкімі». Сайт даступны за межамі краіны, аднак на ім абнаўляецца толькі разьдзел навін.

Газэта «Белорусы и рынок» заснаваная ў сьнежні 1990 году як тыднёвік «Белорусский рынок». Цяперашнюю назву атрымала ў верасьні 2005 году пасьля ўказу Аляксандра Лукашэнкі «Аб дадатковых мерах для ўпарадкаваньня выкарыстаньня словаў „нацыянальны“ і „беларускі“». Апошнія два гады выходзіла як штомесячнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG