Як паведамляе Deutsche Welle, расьсьледаваньне Amnesty International паказала, што паліцыянты застрэлілі 34 з ідэнтыфікаваных дзяцей баявымі патронамі. Прынамсі чацьвёра былі забітыя мэталічным шротам зблізку. Пяцёра іншых дзяцей памерлі ад траўмаў, характэрных для пабіцьця, адна дзяўчынка была забітая ўдарам па галаве балёнам са сьлезацечным газам. Сярод зарэгістраваных ахвяраў-дзяцей — 39 хлопчыкаў ва ўзросьце ад 2 да 17 гадоў і пяць дзяўчатак ад 6 да 17 гадоў.
Міжнароднае таварыства абароны правоў чалавека раней паведамляла пра 470 забітых падчас пратэстаў у Іране, у тым ліку 64 дзяцей. Amnesty International патлумачыла, што розьніца ў падліках можа тлумачыцца тым, што прынамсі 10 чалавек на момант сьмерці ўжо былі паўналетнімі; у астатніх выпадках у гэты момант немагчыма высьветліць, ці была сьмерць зьвязаная з пратэстамі.
- Тысячы іранцаў выйшлі на вуліцы па ўсёй краіне пасьля таго, як у верасьні паліцыя нораваў затрымала 22-гадовую Махсу Аміні за «няправільнае» нашэньне хіджабу. Дзяўчына загінула пры нявысьветленых абставінах. З словаў сваякоў Аміні, паліцыянты жорстка пабілі яе. Самі сілавікі сьцьвярджаюць, што Аміні трапіла ў лякарню нібыта з сардэчнай недастатковасьцю. Пасьля пратэстаў урад разгарнуў жорсткія рэпрэсіі супраць дэманстрантаў.