Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступствы пратэстаў: улады Ірану пераглядаюць закон аб абавязковым нашэньні хіджабу для жанчын

абноўлена

Пратэсты ў Іране. Жанчыны, якія дэманстратыўна выйшлі на вуліцу без хіджабаў
Пратэсты ў Іране. Жанчыны, якія дэманстратыўна выйшлі на вуліцу без хіджабаў

Генэральны пракурор краіны Махамад Джафар Мантазэры таксама сказаў, што паліцыі нораваў цяпер ня будзе. Аднак пазьней іншыя прадстаўнікі ўлады заявілі, што яго няправільна працытавалі.

Рашэньне перагледзець закон аб абавязковым нашэньні хіджабу — вынік пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне ўжо цягам двух месяцаў і зьвязаныя з правіламі адзеньня для жанчын. Па словах Мантазэры, парлямэнт і судовыя органы Ірану ўжо працуюць над пераглядам, піша The Guardian.

Прэзыдэнт Ірану Ібрагім Раісі раней заяўляў, што рэспубліканскія і ісламскія асновы краіны замацаваныя ў Канстытуцыі, аднак у тэлевізійным выступе сказаў, што ёсьць «гнуткія» спосабы іх рэалізацыі.

Хіджаб стаў абавязковым элемэнтам для жанчын у Іране ў красавіку 1983 году, праз чатыры гады пасьля Ісламскай рэвалюцыі. 16 верасьня 2022 году ў краіне пачаліся пратэсты, зьвязаныя з забойствам 22-гадовай актывісткі Махсы Аміні, арыштаванай нібыта за парушэньне закону аб нашэньні хіджабу. Яна была даведзеная да сьмерці паліцыяй нораваў.

У выніку многія іранкі таксама перасталі насіць хіджаб і патрабуюць спыненьня працы паліцыі нораваў, а таксама правоў і свабод, якіх пазбаўлены. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк заявіў, што падчас пратэстаў улады арыштавалі 14 тысяч чалавек, уключаючы дзяцей.

Іран прызнаў, што падчас пратэстаў загінулі каля 200 чалавек, і зьвярнуўся да Расеі па дапамогу ў падаўленьні народнага паўстаньня. Ён папрасіў даць тэхніку для барацьбы з пратэстамі, а таксама накіраваць дарадцаў для навучаньня. У Тэгеране разьлічваюць на дапамогу, паколькі раней паставілі Маскве дроны і спэцыялістаў для вайны супраць Украіны.

Дадзеныя ўладаў Ірану па пратэстах адрозьніваюцца ад інфармацыі праваабаронцаў: па словах апошніх, падчас пратэстаў загінулі каля 460 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG