Як паведамілі ў прэс-цэнтры Беларускай чыгункі, завіруха, мокры сьнег, ледзяны дождж і парывісты вецер прывялі да абледзяненьня правадоў і падзеньня дрэў на аб’екты чыгункі. У выніку на асобных участках адключылася лінія электразабесьпячэньня.
«Усяго зафіксавана больш за 1200 падзеньняў дрэў. Агульная працягласьць участкаў, на якіх былі адзначаныя збоі ў электразабесьпячэньні і рабоце сродкаў сыгналізацыі і сувязі, склала каля 140 км. Таксама назіралася абледзяненьне токапрыёмнікаў электрарухомага складу», — паведамілі ў БЧ.
Над устараненьнем наступстваў стыхіі працавалі больш за 600 работнікаў беларускай магістралі, задзейнічалі 20 адзінак спэцыяльнай тэхнікі, 5 сьнегаўборачных машын.
Тым часам у аэрапорце «Менск» паведамілі, што з прычыны ўмоў надворʼя затрымак рэйсаў няма ні на прылёт, ні на вылет.
«Аэрапорт працуе штатна, забясьпечваючы бесьперабойнае абслугоўваньне пасажыраў і паветраных суднаў.
Інфармуем, што затрымкі рэйсаў на вылет (Санкт-Пецярбург, Екацярынбург, Масква (Дамадзедава)), якія адлюстраваныя на табло аэрапорта на гэты момант, зьвязаныя з чаканьнем авіякампаніяй транзытных пасажыраў».
Зь Менску з 2021 году няма авіярэйсаў у краіны Эўразьвязу і Ўкраіну.
Зь літоўскіх аэрапортаў у ноч на 12 сьнежня ня вылецелі больш як 20 самалётаў
Праз моцны сьнегапад у нядзелю і ў ноч на 12 сьнежня зь Віленскага і Ковенскага аэрапортаў ня вылецелі і не прыляцелі больш як 20 самалётаў.
Як паведаміла выданьне Delfi, раніцай 12 сьнежня літоўскія аэрапорты пачалі працаваць у звычайным рэжыме.