Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў аб пачатку спэцыяльнага вядзеньня справаў супраць кіраўнікоў каналу NEXTA, прызнанага ўладамі Беларусі «тэрарыстычнай арганізацыяй», — Сьцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка.
Сьцяпана Пуцілу абвінавачваюць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэксу, а Яна Рудзіка — па 10. Адрозна ад Пуцілы, яму не інкрымінавалі «арганізацыю дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі».
Сьледчы камітэт абвясьціў, што выклікае абодвух кіраўнікоў NEXTA на допыт.
Як паведамляе БЕЛТА, 9 сьнежня КДБ пачаў спэцыяльнае вядзеньне стасоўна трох чалавек — Вадзіма Пракоп’ева, Ігара Чамякіна і Дзяніса Хаміцэвіча. Вадзім Пракопʼеў — былы бізнэсовец, грамадзкі дзяяч, адзін з стваральнікаў полку «Пагоня». У паведамленьні БЕЛТА пералічваецца каля 20 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх яго абвінавачваюць. Сярод абвінавачаньняў — замах на акт тэрарызму, акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай, замах на змову з мэтай захопу ўлады ды іншыя.
Што такое спэцыяльнае вядзеньне
Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс». Гэта падрыхтоўка да нядаўна ўзаконеных у Беларусі завочных судоў над тымі, хто за мяжой.
- Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, судзіць завочна.
- 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- 12 сьнежня ў Беларусі пачнецца першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікаюць у Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня а 10:00.
- У першы сьпіс на завочны суд уваходзяць рэдактарка «экстрэмісцкага» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляваньне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці; праваабарончага цэнтру «Вясна»; тэлеграм-каналу Nexta; Каардынацыйнай рады; Валера Цапкалы.
- Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені.