Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі анулявалі ліцэнзію расейскага тэлеканалу «Дождь»

абноўлена

Тэлеканал «Дождь»
Тэлеканал «Дождь»

Гэта здарылася пасьля выступу вядоўцы каналу ў жывым эфіры, які быў расцэнены як падтрымка расейскай арміі, што ваюе супраць Украіны. Тэлеканал працягвае працаваць у Youtube.

Нацыянальная рада па электронных СМІ Латвіі (NEPLP) прыняла рашэньне ануляваць ліцэнзію на вяшчаньне тэлеканала «Дождь», піша Delfi.

«Ацэньваючы сукупнасьць парушэньняў, Рада перакананая, што кіраўніцтва „Дождя“ не разумее і не ўсьведамляе значнасьці і сур’ёзнасьці парушэньняў, таму ня можа дзейнічаць на тэрыторыі Латвіі», — сказаў кіраўнік рады Іварс Абаліньш.

Абаліньш адзначыў, што Латвія дазволіла працу на сваёй тэрыторыі шэрагу расейскіх незалежных журналістаў, а ліцэнзію забралі ў таго СМІ, якое парушыла закон.

У ноч на 8 сьнежня расейскі канал канчаткова прыпыніць вяшчаньне ў латвійскіх кабэльных сетках.

Вядоўца тэлеканалу Анна Мангайт пракамэнтавала рашэньне латвійскіх уладаў, абвінаваціўшы «хэйтэраў».

«Латвія пазбавіла „Дождь“ ліцэнзіі. Мы працягваем працаваць, застаемся ў ютубе, але страчваем частку кабэльных сетак. Мы ўмеем праходзіць складанасьці эпічнага маштабу і ня лічым нашу місію выкананай. Але я хацела б сказаць, што ў тым, што адбываецца, ёсьць доля ўдзелу кожнага хэйтэра, які таптаўся ў гэтыя дні на „Дожде“, абвінавачваючы нас у злачынстве, якога мы не рабілі».

На мінулым тыдні расейскі апазыцыйны тэлеканал, які пасьля вайны пераехаў у Латвію, трапіў у скандал: у жывым эфіры вядоўца Аляксей Карасьцялёў занепакоіўся, ці камфортна расейскім вайскоўцам ваяваць ва Ўкраіне. Кіраўніцтва каналу заявіла, што журналіста «няправільна зразумелі», і ў далейшым Карасьцялёва звольнілі.

Раней у эфіры канала зьяўлялася карта, дзе Крым быў пазначаны як частка Расеі. Гэта таксама было парушэньнем заканадаўства Латвіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG