Бакі, як паведамляе Белта, абмяняліся вопытам работы пры накіраваньні ў іншыя замежныя дзяржавы хадайніцтваў аб аказаньні прававой дапамогі, а таксама аб выдачы асоб, якія ўчынілі злачынствы, пры расьсьледаваньні крымінальных спраў аб генацыдзе.
Мерапрыемства было арганізавана ў рамках дзейнасьці сумеснай рабочай групы па ўстанаўленьні абставін «генацыду савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Генэральныя пракуратуры РФ і Беларусі ў красавіку гэтага году падпісалі распараджэньне аб стварэньні працоўнай групы для расьсьледаваньня акалічнасьцяў «генацыду савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».
Прадстаўнікі Генпракуратуры Беларусі паабяцалі аказаць максымальнае садзейнічаньне па крымінальнай справе, якая расьсьледуецца расейскім бокам, аб генацыдзе савецкага народа. У прэс-службе адзначылі, што па крымінальнай справе аб генацыдзе на сёньня накіравана больш за 70 хадайніцтваў аб аказаньні прававой дапамогі ў дзясяткі замежных дзяржаў, з іх значная колькасьць — у Расею.
- Закон аб генацыдзе беларускага народу Аляксандар Лукашэнка падпісаў у студзені 2021-га. Гэты закон быў прыняты Палатай прадстаўнікоў адразу ў двух чытаньнях летась у сьнежні.
- Закон «прадугледжвае юрыдычнае прызнаньне генацыду беларускага народу, учыненага нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасьляваенны пэрыяд (да 1951 году). Пад беларускім народам маюцца на ўвазе ўсе савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі БССР у названы пэрыяд».
- Закон таксама вызначае крымінальную адказнасьць за публічнае адмаўленьне генацыду беларускага народу, у тым ліку з выкарыстаньнем СМІ або інтэрнэту.