«Мае думкі з Марыяй Калесьнікавай», — напісала Марыя Пейчынавіч у сваім Twitter.
Ад імя Рады Эўропы яна заклікала Менск «вызваліць усіх палітвязьняў» і забясьпечыць ім «права на мэдыцынскую дапамогу».
Палітзьняволеную Марыю Калесьнікаву 28 лістапада даставілі ў Гомельскую гарадзкі шпіталь хуткай дапамогі з пэрытанітам, які разьвіўся на фоне прабадной язвы страўніка. Празь некалькі дзён пасьля пасьпяховай апэрацыі яе перавялі са шпіталя ў калёнію і дазволілі сустрэцца з бацькам.
Марыя Калесьнікава была сьпікеркай штабу экс-кіраўніка «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыка на прэзыдэнцкіх выбарах. Затрымана 7 верасьня 2020 года і наступнай ноччу дастаўлена на мяжу з Украінай. Калесьнікава адмовілася ад выезду з краіны і парвала свой пашпарт. Пасьля гэтага яе зьмясьцілі ў СІЗА. 6 верасьня 2021 года Марыю асудзілі да 11 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам.
Па стане на 7 сьнежня ў Беларусі праваабаронцы «Вясны» прызналі палітвязьнямі 1.441 чалавек.