Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядомая гісторыя хваробы і апэрацыі палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай


Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота
Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота

Марыя расказала, што ў шпіталь яе прывезьлі з пэрытанітам.

Калі Марыю Калесьнікаву прывезьлі на «хуткай» у лякарню, яна прасіла зьвязацца з бацькам, каб прыняць рашэньне наконт апэрацыі, піша тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі пасьля ўчарашняга 10-хвіліннага спатканьня Марыі з бацькам Аляксандрам Калесьнікавым.

Лекары растлумачылі Марыі, што ў яе разьвілося запаленьне брушыны, прымаць рашэньне трэба неадкладна. Марыя дала згоду на апэрацыю.

Ёй зрабілі ляпараскапію зь невялікім разрэзам. Гаеньне адбываецца нармальна, дрэнажу ўжо няма. Па словах лекараў у мэдсанчастцы, усе неабходныя працэдуры і аналізы робяць.

Цяпер Марыя мала есьць, бо на гэты момант ежа ў калёніі ёй не падыходзіць. У мэдсанчастцы паабяцалі скарэктаваць харчаваньне.

Пры гэтым, як адзначае тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, Марыя неаднаразова прасіла, каб усе падрабязнасьці пра яе стан і дыягназ паведамілі бацьку. Аднак гэтага так і не здарылася.

Пятага сьнежня Аляксандру Калесьнікаву дазволілі ўбачыць дачку і пераканацца, што яна ў парадку. Марыя схуднела, у яе пакуль што мала сілаў.

Дзесяціхвіліннае спатканьне праходзіла пад наглядам лекара і супрацоўнікаў калёніі. Марыю яшчэ на выходных перавялі з гомельскага шпіталя хуткай дапамогі ў калёнію — цяпер яна ў мэдычным стацыянары. Яшчэ ня менш як 10 дзён яна будзе пад наглядам лекараў. Дыягназ — прабадная язва, паведамляе тг-канал Віктара Бабарыкі.

Марыя Калесьнікава перадавала падзяку дактарам шпіталя хуткай дапамогі, якія ўратавалі ёй жыцьцё.

Крыніцы Радыё Свабода паведамлялі, што мэдычнаму пэрсаналу шпіталя забаронена нешта расказваць пад пагрозай крымінальнага перасьледу.

30 лістапада Свабоды паведамілі, што Марыю Калесьнікаву прывезьлі ў рэанімацыю гомельскага шпіталя ў цяжкім стане.

Раней Свабода паведамляла, што ў шпіталі хуткай дапамогі яе ахоўвалі трое сілавікоў, адзін зь іх быў з аўтаматам.

Для пацыентаў-вязьняў, якія паступаюць у гомельскі шпіталь хуткай дапамогі, разьмешчаны ў самым цэнтры Гомля ля гарадзкога парку, ёсьць у хірургіі адмысловая палата з кратамі і месцам для канвойных.

У верасьні 2020 году каардынатарку штабу Віктара Бабарыкі, удзельніцу Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву схапілі сілавікі і спрабавалі прымусова вывезьці ва Ўкраіну. На мяжы яна парвала свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі, дзе яе адразу затрымалі. Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам зь юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году асудзілі на 11 гадоў калёніі.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG