Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна зьмяніла геаграфію вайны»: удары «ў сэрца Расеі» па авіябазах. Здымкі з космасу


Спадарожнікавы здымак Maxar Technologies паказвае вайсковы аэрадром Энгельс у Саратаўскай вобласьці РФ
Спадарожнікавы здымак Maxar Technologies паказвае вайсковы аэрадром Энгельс у Саратаўскай вобласьці РФ

Геаграфія ўдараў па расейскіх вайсковых аб'ектах 5–6 сьнежня сьведчыць, што яны перамясьціліся ўглыб тэрыторыі краіны-агрэсара, піша ўкраінская служба Радыё Свабода.

Два дні запар у Расеі адбываюцца выбухі на вайсковых аб’ектах. 5 сьнежня прайшлі атакі на курорт у Дзягілеве Разанскай вобласьці Расеі: там выбухнуў бэнзавоз, загінулі тры чалавекі і пашкоджаны адзін самалёт.

У той жа дзень, імаверна, бесьпілётнік атакаваў авіябазу ў Энгельсе Саратаўскай вобласьці на Волзе. Там пашкоджаныя два стратэгічныя бамбавікі Ту-95, двое вайскоўцаў параненыя, яшчэ некалькі шпіталізаваныя. Гэтыя вайсковыя абʼекты знаходзяцца прыкладна за 700 кілямэтраў ад мяжы Ўкраіны.

Журналіст «Схемаў» Кірыл Аўсяны зьвярнуў увагу, што пасьля ўдару як мінімум 6 стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў былі перамешчаныя з базы ў Энгельсу ў невядомым кірунку
Журналіст «Схемаў» Кірыл Аўсяны зьвярнуў увагу, што пасьля ўдару як мінімум 6 стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў былі перамешчаныя з базы ў Энгельсу ў невядомым кірунку

6 сьнежня губэрнатар Курскай вобласьці Расеі Раман Старавойт паведаміў, што на аэрадроме ў Курску ў Расеі адбыўся пажар — у раёне Курскага аэрадрому ў выніку атакі бесьпілётніка загарэлася нафтасховішча.

Авіябаза ў Курску пасьля выбуху раніцай 6 сьнежня. Спадарожнікавы здымак Planet Labs
Авіябаза ў Курску пасьля выбуху раніцай 6 сьнежня. Спадарожнікавы здымак Planet Labs

Таксама раніцай 6 сьнежня ў расейскіх сетках паведамілі, што ўначы бесьпілётнікі атакавалі камбінат «Слава» ў Бранскай вобласьці (за 80 км ад мяжы з Украінай): на яго тэрыторыю, падобна, заляцелі два бесьпілётнікі — успыхнуў пажар. Яны ўпалі і ўзарваліся за тры мэтры ад рэзэрвуараў з дызэльным палівам.

Пікантнасьці сытуацыі дадае тое, што расейскі завод пад назвай «Слава» быў атакаваны ў дзень Узброеных сіл Ўкраіны — 6 сьнежня.

«Новая геаграфія»

І міжнародная прэса, і ўкраінскія вайсковыя экспэрты сярод гэтых мэтаў вылучаюць аэрапорт у горадзе Энгельсе Саратаўскай вобласьці. Там базуюцца стратэгічныя бамбавікі Ту-95 і Ту-160, якія Расея актыўна выкарыстоўвае для запускаў ракет па гарадах і энэргетычных абʼектах Украіны.

Аэрадром Энгельс-2 пасьля меркаванага ўдару бесьпілётніка. 5 сьнежня 2022 году
Аэрадром Энгельс-2 пасьля меркаванага ўдару бесьпілётніка. 5 сьнежня 2022 году

Гэты аэрадром у Энгельсе знаходзіцца больш чым за паўтысячы кілямэтраў ад Украіны — гэтак жа, як і аэрадром у расейскім Дзягілеве Разанскай вобласьці (да таго ж Дзягілева менш за 200 км ад Масквы).

«Удары сыгналізуюць аб новым жаданьні Кіева перанесьці баявыя дзеяньні на базы ў сэрцы Расеі, павышаючы стаўкі ў вайне, і дэманструюць палепшаную здольнасьць наносіць удары на адлегласьцях», — піша газэта The New York Times.

«З аэрадромаў, якія забясьпечваюць стратэгічную авіяцыю ў Расеі, фактычна застаўся Энгельс, магчыма, яшчэ нейкія аэрадромы могуць выконваць пэўныя функцыі. Але базаваньне стратэгічнай авіяцыі, падрыхтоўка яе да палётаў — гэта вельмі складаная справа, вельмі складаны працэс. Такім унікальным аэрадромам застаўся Энгельс. І менавіта ўдар па гэтым аэрадроме — надзвычайная падзея ў гісторыі Расеі», — заявіў у інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода экспэрт Цэнтру дасьледаваньняў войска, канвэрсіі і раззбраеньня Міхайло Самусь.

Парадокс сытуацыі ў тым, што ў Энгельсе на Волзе базуюцца дзясяткі расейскіх стратэгічных бамбавікоў — і частку зь іх Расеі перадала Ўкраіна ў якасьці аплаты запазычанасьці за газ. Гэта было часткай працэсу ядзернага раззбраеньня Ўкраіны, бо стратэгічныя бамбавікі маглі несьці і ядзерную зброю.Пагадненьне аб цяжкіх бамбавіках, якіх на момант абвяшчэньня незалежнасьці ва Ўкраіне было 44, падпісана ў сакавіку 1996 году. Цяпер некаторыя з гэтых бамбавікоў Расея выкарыстоўвае для нанясеньня ракетных удараў па Ўкраіне.

Справа і ўверсе сінім контурам абведзеныя вайсковыя аэрадромы на тэрыторыі Расеі, па якіх быў нанесены ўдар 5 сьнежня 2022 году
Справа і ўверсе сінім контурам абведзеныя вайсковыя аэрадромы на тэрыторыі Расеі, па якіх быў нанесены ўдар 5 сьнежня 2022 году

Міністэрства абароны Расеі ўвечары 5 сьнежня заявіла, што два ўкраінскія БПЛА з рэактыўнымі рухавікамі атакавалі аэрадромы стратэгічнай авіяцыі ў Саратаўскай і Разанскай вобласьцях. Расейскае ведамства пацьвердзіла інфармацыю аб пашкоджаньнях двух стратэгічных бамбавікоў Ту-95 і гібелі расейскіх вайскоўцаў. Але Міністэрства абароны РФ сьцьвярджае, што абодва бесьпілётнікі былі зьбітыя, а пашкоджаньні нанесеныя іх аскепкамі.

Украінскае кіраўніцтва на месцы?

Як піша міжнародная прэса з спасылкай на крыніцы, прынамсі адзін з удараў бесьпілётнікаў 5 сьнежня мог быць нанесены з дапамогай «навядзеньня» ўкраінскіх спэцназаўцаў або спэцназаўца, які прабраўся на тэрыторыю Расеі і быў паблізу расейскай авіябазы. Ва Ўкраіне адмаўляюцца пацьвярджаць гэтую інфармацыю.

Як звычайна, калі выбухі адбываюцца на расейскай тэрыторыі, Ўкраіна афіцыйна не бярэ на сябе адказнасьць. Дарадца Зяленскага Міхайла Падаляк толькі напісаў у твітэры, што «Зямля круглая — гэтае адкрыцьцё зрабіў Галілей». І рана ці позна нешта, запушчанае ў паветраную прастору іншых краін, неапазнаны лётны абʼект, вернецца ў пункт адпраўленьня, дадаў ён.

«Гаворка можа ісьці і пра бесьпілётнік, які можа працаваць на адлегласьці да тысячы кілямэтраў, і пра нейкі самаробны выраб, які можна было б запускаць з раёну таго ж аэрадрому», — кажа вайсковы экспэрт Ігар Леўчанка.

Паводле зьвестак канцэрну «Укроборонпром» за кастрычнік, Украіна якраз цяпер распрацавала ўдарны бесьпілётнік, які можа дзейнічаць у радыюсе да тысячы кілямэтраў і мае баявую нагрузку 75 кг. Канчатковыя выпрабаваньні ён меў прайсьці да канца гэтага году, і вайсковыя экспэрты не выключаюць, што новы ўкраінскі магутны бесьпілётнік праходзіць выпрабаваньні ў баявых умовах.

«Здольнасьць Украіны наносіць удары ўглыб расейскай тэрыторыі важная ня толькі з вайсковага гледзішча. Гэта таксама пасылае Расеі сыгнал, што працяг вайны будзе мець сваю цану, і ня толькі Ўкраіна ўспрымальная да далёкіх удараў бесьпілётнікаў і ракет, але і Расея», — кажа Макс Бэргман з Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне.

Ён дадае, што цяпер — калі, напрыклад, Расея і Ўкраіна сядуць за стол перамоваў — адным з козыраў Кіева будзе адмова наносіць удары па расейскіх аб’ектах у глыбіні Расеі. То бок гэта цяпер дадатковы вагар у руках Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG