«Мы абвяшчаем аб’яднаньне полку Каліноўскага і „Кібэрпартызанаў“ у структуру ў рамках вызвольнага руху беларускага народу. Гэта робіцца для найбольшай эфэктыўнасьці і каардынацыі нашых супольных дзеяньняў», — аб гэтым падчас прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве заявіў намесьнік камандзіра полку Вадзім Кабанчук.
Юльяна Шаметавец, прэс-сакратарка «Кібэрпартызанаў», адзначыла, што праца з палком стартавала з пачатку вайны.
«„Кібэрпартызаны“ дапамагаюць шмат якім ініцыятывам, ня толькі беларускім, але найбуйнейшая супраца была менавіта з палком Каліноўскага, — сказала Шаметавец. — Гэтая супраца перайшла на новы ўзровень, таму для больш эфэктыўнай каардынацыі мы будзем абʼядноўваць нашыя рэсурсы. З сёньняшняга дня я як прадстаўнік „Кібэрпартызанаў“ буду ўваходзіць у штаб полку Каліноўскага».
На прэсавай канфэрэнцыі былі абвешчаныя агульныя мэты полку Каліноўскага і «Кібэрпартызанаў».
- Вызваленьне Ўкраіны;
- Зрынаньне акупацыйнага рэжыму Лукашэнкі і аднаўленьне незалежнасьці Беларусі;
- Стабілізацыя ў Беларусі на пераходны пэрыяд;
- Вяртаньне да дэмакратычных прынцыпаў кіраваньня і законнасьці.
Заяўлена таксама, што полк Каліноўскага разам з «Кібэрпартызанамі» падрыхтаваў плян комплексных дзеяньняў, якія прынясуць перамогу над дыктатурамі Пуціна і Лукашэнкі.
Хто такія «Кібэрпартызаны»
Кібэрпартызаны — беларуская дэцэнтралізаваная група ананімных хакераў-актывістаў, якая зьявілася ў верасьні 2020 году.
Яны атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы беларускіх дзяржаўных установаў і сілавых структураў, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньнем у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.
Група пачала дзейнасьць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Сваю дзейнасьць яны называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.
Полк імя Кастуся Каліноўскага
Полк імя Кастуся Каліноўскага — найбольшае ўтварэньне беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Паўстаў 9 сакавіка 2022 году як батальён. Аснову склалі байцы тактычнай групы «Беларусь», якія бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны ў 2014–2016 гадах. У траўні батальён быў перафармаваны ў полк, які складаўся з батальёнаў «Волат» і «Тэрор». На сёньня полк складаецца з батальёнаў «Волат» і «Ліцьвін». Першым камандзірам батальёну Каліноўскага быў мянчук Юры Макітаў. Ад траўня камандзірам стаў Дзяніс «Кіт» Прохараў. Яго намесьнік — Вадзім «Ігар» Кабанчук.
Сярод заўважных людзей у кіраўніцтве называюць былога маладафронтаўца Міколу Дземідзенку, а таксама Арцёма «Ваніша» Войніча.
Полк Каліноўскага ўваходзіць у склад Інтэрнацыянальнага легіёну. Апроч «каліноўцаў», туды ўваходзяць добраахвотнікі з Грузіі, Чачні, Расеі, а таксама зь іншых краін сьвету.
З словаў міністра замежных справаў Украіны Дзьмітра Кулебы, на пачатак поўнамаштабнай вайны ў складзе легіёну былі людзі з 52 краін. Полк Каліноўскага знаходзіцць ў падпарадкаваньні Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, але пры гэтым мае аўтаномнасьць у прыняцьці рашэньняў, найперш праз колькасьць байцоў (фармаваньне не называе лічбаў).