Суд над старшынём Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандрам Ярашуком, ягоным намесьнікам Сяргеем Антусевічам і супрацоўніцай офісу БКДП Ірынай Бут-Гусаім пачнецца 20 сьнежня. Працэс адбудзецца ў Менскім гарадзкім судзе, піша BPN.
Прафсаюзных дзеячаў абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы).
Згодна са зьвесткамі праваабаронцаў, арт. 342 інкрымінуецца ўсім траім, арт. 361 — толькі Ярашуку, хаця той раней публічна выступаў якраз супраць санкцыяў.
Паводле той часткі, якую інкрымінуюць Ярашуку, яму пагражае ад 4 да 12 гадоў пазбаўленьня свабоды. 16 лістапада прафсаюзны лідэр адзначыў за кратамі свой 71-ы дзень народзінаў. За кратамі ў Ярашука абвастрыліся хваробы.
Ярашука, Антусевіча і Бут-Гусаім затрымалі сёлета 19 красавіка, у другі дзень рэйду сілавікоў па кватэрах і офісах кіраўнікоў і сяброў незалежнага прафсаюзнага руху.
БКДП аб’ядноўваў Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз мэталістаў, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці і Беларускі незалежны прафсаюз. 12, 14 і 18 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньні аб ліквідацыі гэтых аб’яднаньняў. Прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці 11 красавіка прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».