Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калыска для Кастуся Каліноўскага


Мастаўляны, гміна Гарадок, Польшча
Мастаўляны, гміна Гарадок, Польшча

Ёсьць пункты на мапе, у якіх нішто не нагадвае пра нараджэньне там нацыянальных герояў. Адзін зь іх — падмурак хаты, у якой прыйшоў на сьвет Кастусь Каліноўскі.

Шлях у Мастаўляны

Шашэйка віхляла між імшарнікаў з хвойкамі, вольхаў у трысьнягох, балацявінак з «чортавымі вачыма», аж пакуль ня ўперлася ў шыльду з надпісам «Mostowlany». Зьлева за пераараным полем віднеўся абляцелы лясок. Там, за вузенькаю стужкай Сьвіслачы (заходняе), ужо Беларусь. Але мабільны апэратар не прымае пад увагу нейкія 500 мэтраў і дасылае ўсім нам ветлівае «Welcome to Belarus!». Абазнаны спадарожнік папярэджвае, што трэба выключыць інтэрнэт, іначай польскі апэратар пасьля такога запрашэньня свайго беларускага калегі сьпіша з вашага рахунку кругленькую суму за роўмінг. Адзін з нас не паверыў у гэтую недарэчнасьць і праз пару гадзінаў моцна пашкадаваў аб марна страчаных трох сотнях залатовак.

Пры шыльдзе мы спыніліся і пайшлі на бераг памежнае рэчкі з назваю, якая абудзіла ў нашых менчукоўскіх душах настальгію па родных даляглядах іншае Сьвіслачы (усходняе). Наперадзе абазначыліся некалькі вялікіх намётаў колеру хакі, з прытульным пахам дрывянога дымку, які мірна ўзьвіваўся ў нявосеньскі блакіт. У наступную хвіліну нам насустрач выйшлі трое дужых хлапцоў у камуфляжы і з аўтаматамі за плячыма. Мы сталі чакаць іх і толькі тады ўбачылі шыльду з папярэджаньнем, што за 50 мэтраў да мяжы праход забаронены.

Раней можна было набліжацца да самага берагу Сьвіслачы, але справакаваны ўладамі Беларусі памежны крызіс з эмігрантамі ня даў нам і іншым, гвалтоўна пазбаўленым радзімых краявідаў, магчымасьці падзівіцца на іх хаця б з-за рэчкі.

Царква ў Мастаўлянах
Царква ў Мастаўлянах

Кутны камень

Праехаўшы пару сотняў мэтраў па вёсцы, справа на ўзгорку з могілкамі бачым вялікі праваслаўны храм. А перад ім амаль непрыкметна прытуліўся сьціплы помнік самаму славутаму ўраджэнцу гэтых мясьцінаў. Невысокая стэла з надпісам, скрыжаваныя косы — легендарная зброя паўстанцаў, кола сялянскага воза. Помнік паўстаў у 1988-м, да 150-годзьдзя правадыра няскораных.

Чакалася, што ад гэтае памяткі будзе нейкі паказьнік дарогі да хаты нацыянальнага героя. Чаканьні ня спраўдзіліся. За пагоркам з царквою паваротка, гравейка, справа хмызы, наперадзе поле, а зьлева на стромым адхоне брэша лядашчы сабачка. Наш кіроўца паддае газку і рэзка ўяжджае па гліністых калдобінах на занядбанае котлішча.

Вачам адкрываецца пачарнелы плот перад касабокаю хаткаю. З-за яе вугла вызірае на нас дзядзька няпэўнага веку. Дае нам «Дзень добры!» Мы адрэкамэндаваліся, назвалі прычыну свайго візыту. Ён, сьпехам прамовіўшы: «Прошэ-прошэ!», жвавенька крутнуўся і павёў нас па ўтравелым падворку за хату. «Тут, прошэ паньства!». І адступіў колькі крокаў назад, далікатна пакінуўшы нас сам-насам.

Помнік Кастусю Каліноўскаму і паўстанцам 1863-1864 гг. у Мастаўлянах
Помнік Кастусю Каліноўскаму і паўстанцам 1863-1864 гг. у Мастаўлянах

Мы моўчкі сталі разглядацца. Выразны прастакутны ўзгорак, зацягнуты зёлкавай коўдрай, з-пад якое высунуўся круглявы бок шэрага валуна. Па ўсім відаць — кутнага. Над ім навісалі зашэрхлыя галіны з падгнілымі грушкамі. Пасярэдзіне ўзгорку стаяла, скінуўшы пад ногі лістоту і плады, аголеная яблынька. Прастакутнік падмурку сваёй яўна большай часткай хаваўся пад зруб нягеглае хаткі. Новым гаспадарам стары падмурак, відаць, быў занадта вялікі, і гэта ўратавала для нас сакральныя камяні.

Ачомаўшыся ад першых уражаньняў, мы пачалі прыкідваць, дзе, што і як было між сьценаў на гэтым падмурку амаль два стагодзьдзі таму.

«Тут, бадай што, была сьвятліца», — выказвае здагадку адзін з нас. Цудоўны від з узгорку на поплаў, рэчку і лес за ёй. Уяўляю, як любаваўся малы Кастусь на пералівы ранішніх сонечных промняў над квяцістым абшарам маёнтку. Думаю, што памятаў гэтую прыгажосьць праз усё сваё жыцьцё.

«Ну а калыска ягоная дзе стаяла, як думаеш?»

Сябра па-бацькоўску разважае, што, пэўна, дзеці мясьціліся ў самым цёплым паўдзённым пакоі. Хоць сям’я і была адносна заможнай, але не такой, каб кожнаму зь дзяцей быў асобны пакой. Малы Кастусь, відаць, гадаваўся побач са старэйшым Віктарам.

Пяцігадовым ён раптоўна перастаў быць малым, калі ў чарговых родах памерла маці. Праз шэсьць гадоў бацька прадае сядзібны дом з ткацкай мануфактурай у Мастаўлянах і купляе маёнтак на іншым беразе Сьвіслачы, у Якушоўцы. Палітычныя гульні моцных гэтага сьвету зрабілі амаль недасяжнымі сёньня гэтыя два геаграфічна зусім блізкія месцы нараджэньня і сталеньня Кастуся.

Хто змайструе калыску Кастусю

Моўчкі перажыўшы эмоцыі ад сустрэчы з таямніцай, празь якую гадзіну дарогі назад мы пачалі нетаропка выказваць ідэі, як аднавіць маёнтак Кастуся Каліноўскага.

Спачатку пералічылі магчымыя перашкоды ўвасабленьню задумы:

  • месца былое сядзібы — прыватная ўласнасьць;
  • яна ў памежнай зоне;
  • ужо была спроба мясцовай грамады ўсталяваць пры чужой цяпер хатцы мэмарыяльны знак — спроба няўдалая;
  • няма ніякіх сродкаў ні на тое, каб выкупіць падворак з усім дзядзькавым майном, ні тым больш на тое, каб аднавіць сядзібу;
  • зусім ня бачна побач тых людзей, якія добраахвотна ўзвалілі б ня сябе ўвесь велізарны груз гэтых, расьцягнутых на доўгія гады, клопатаў…

А праз тыдзень-другі мы ўжо можам сказаць пра добрыя навіны:

  • пакуль сёе-тое, на Падляшшы (ну і ў астатніх месцах шчыльнае канцэнтрацыі цяперашняй беларушчыны) скончылася восень, а зь ёю сьнег засыпаў і скрушныя развагі пра немагчымасьць;
  • варта ўсё ж паспрабаваць, сказаў адзін з нас;
  • магчыма, што ў нас нешта й атрымаецца, прамовіў другі;
  • няма нічога немагчымага, калі нехта нечага вельмі моцна захоча, рашуча дадаў трэці…

А я ўжо ведаю, хто зробіць калыску для нашага Кастуся, які потым у свае 26 ускалыхнуў усіх нас да вызваленьня з няволі…

Зося Сухавей

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG