Нагадаем, у ноч з 26 на 27 верасьня ў касьцёле адбылося надзвычайнае здарэньне, якое пажарнікі назвалі ўзгараньнем. Касьцёл у выніку закрылі для наведваньня, службаў і малітоўных сустрэч.
Улады курыі прызначалі ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі для вядзеньня спраў, зьвязаных з рамонтам і будаўнічымі работамі ў парафіяльнай сьвятыні, у якасьці афіцыйнага прадстаўніка парафіі і Менска-Магілёўскай Мітрапалітальнай курыі ў вядзенні перамоў зь дзяржаўнымі ўладамі.
Ксёндз Юры Санько зьяўляецца прэс-сакратаром Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.
Як стала вядома Свабодзе, айцец Уладзіслаў Завальнюк застаецца пробашчам Чырвонага касьцёла згодна з Кананічным правам, паводле якога пробашч выконвае каля 10 функцый. Айцец Юры Санько будзе выконваць адну зь іх як прадстаўнік курыі, а менавіта наконт будаўнічых працаў і для вядзеньня дыялёгу з дзяржаўнымі ўладамі. Парафія Чырвонага касьцёлу пакуль што будзе зьбірацца на сваю імшу ў катэдры.
Вядзеньне парафіяльнай дзейнасьці часова будзе адбывацца ў парафіі ў гонар Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску (гаворка пра архікатэдру на плошчы Свабоды, 9).
Разам з тым у плябаніі пры касьцёле Сьвятога Сымона і сьвятой Алены (вул. Савецкая, 13) будзе працаваць парафіяльная канцылярыя, дзе можна будзе атрымаць інфармацыю аб дзейнасьці парафіі.
У канцы лістападу стала вядома, што пробашч закрытага ўладамі Чырвонага касьцёла працуе дворнікам пры храме. Касьцельны камітэт парафіі ўхваліў адпаведную просьбу сьвятара. Як паведамляе выданьне katolik.life, парафія апублікавала здымкі з подпісам: «Наш пробашч — ксёндз-канонік Уладзіслаў — перажывае зараз ня толькі „чорныя“ дні, але таксама і „белыя“...»
- Чырвоны касьцёл быў закрыты ўладамі для вернікаў і сьвятароў пасьля інцыдэнту з узгараньнем 26 верасьня. Ужо неўзабаве ўлады пастанавілі адабраць будынак ад парафіі, матывуючы рашэньне неабходнасьцю рамонту.
- Ужо да 12 кастрычніка парафія мусіла забраць сваю маёмасьць з будынка. Але вернікаў і ксяндза не пускаюць у будынак касьцёла.
- Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк 11 кастрычніка маліўся на ганку каля зачыненых дзьвярэй Чырвонага касьцёла, калі да яго падышлі міліцыянты ў форме і паспрабавалі гвалтам адцягнуць з патрабаваньнем: «Пройдёмте!». Сьвятар папрасіў іх не кранаць яго, і міліцыянты перасталі яго чапаць. Сілавікі перашкаджалі малітве і іншых людзей, якія зьбіраліся каля сьвятыні.
- 11 кастрычніка каталіцкая суполка накіравала Лукашэнку адкрыты ліст з просьбай дапусьціць упаўнаважаных прадстаўнікоў прыходу да агляду пашкоджаных пажарам збудаваньняў Чырвонага касьцёла ў Менску. Копія ліста разьмешчаная на сайце парафіі.
- Парафіяне таксама заявілі, што пажар у храме быў невыпадковы, і накіравалі ў Сьледчы камітэт запыт аб даваньні інфармацыі па выніках праведзеных сьледчых дзеяньняў.
- 13 кастрычніка споўнілася 175 гадоў фундатару касьцёла Эдварду Вайніловічу. Вайніловіч, гаспадарчы і палітычны дзяяч, мэмуарыст, нарадзіўся ў 1847 годзе. У 1905–1910 гадах на грошы Вайніловіча пабудавалі Чырвоны касьцёл у Менску ў памяць пра ягоных дзяцей, якія заўчасна памерлі, — Сымона і Алену Вайніловічаў.
- У пачатку лістапада Менгарвыканкам адмоўна адказаў на зварот парафіянаў, забараніўшы ім маліцца бліжэй чым за 200 мэтраў ад касьцёла.