Менскую сярэднюю школу № 76, разьмешчаную ў раёне Камароўскага рынку, назвалі імем пісьменьніка Мікалая Чаргінца, паведаміла «Звязда».
Звычайна школы называюць імёнамі людзей ужо пасьля іх сьмерці, але Чаргінец жывы. У кастрычніку, таксама пры жыцьці, менскай школе № 153 прысвоілі імя паралімпійца і бізнэсоўца Аляксея Талая, які падтрымлівае Лукашэнку.
84-гадовы Чаргінец піша на расейскай мове. Атрымаў вядомасьць як аўтар міліцэйскіх дэтэктываў «Следствие продолжается», «Финал Краба», «Служба — дни и ночи», «Вам — задание», «За секунду до выстрела».
Самым скандальным творам Чаргінца зьяўляецца раман «Тайна Овального кабинета», у якім з шэрагам інтымных сцэнаў пісьменьнік апісаў кіраваньне прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана.
У маладосьці Чаргінец быў футбалістам, гуляў пераважна ў другім дывізіёне чэмпіянату СССР. Потым перайшоў у органы ўнутраных спраў. Даслужыўся да званьня генэрал-лейтэнанта ўнутранай службы, быў начальнікам Упраўленьня крымінальнага вышуку МУС БССР.
З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Чаргінец падтрымаў яго. Больш за дзесяць гадоў ён узначальваў камісію міжнародных спраў у Савеце Рэспублікі (1996–2008), у 2001-м быў даверанай асобай Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах.
Чаргінец зьяўляўся першым кіраўніком Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (СПБ), створанага ў 2006-м, калі частка літаратараў, якая знаходзілася на прадзяржаўных пазыцыях, выйшла з адзінага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (СБП), які існаваў яшчэ з сярэдзіны 1930-х гадоў. СПБ атрымаў дзяржаўную падтрымку, памяшканьні ў будынку Дома літаратараў у цэнтры Менску, а таксама кантроль над дзяржаўнымі літаратурнымі выданьнямі. Што тычыцца «недзяржаўнага» СБП, то ў 2021 годзе Вярхоўны суд яго зьліквідаваў.
Акадэмік Акадэміі праблем бясьпекі, абароны і правапарадку Расейскай Фэдэрацыі (была закрытая ў 2008 г. за махлярства). У час, калі Саюзам пісьменьнікаў кіраваў Чаргінец, наклад калісьці папулярнага штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» зьменшыўся амаль у дзесяць разоў. Зь ведама Чаргінца імёны шэрагу вядомых пісьменьнікаў былі ўнесеныя ў так званыя «чорныя сьпісы» дзяржаўных выдавецтваў.
У 2022-м Чаргінец стаў ганаровым старшынёй СПБ, Лукашэнка даў яму званьне народнага пісьменьніка Беларусі, паставіўшы ў адзін шэраг зь Якубам Коласам, Янкам Купалам, Максімам Танкам, Рыгорам Барадуліным і шэрагам іншых славутых аўтараў. Упершыню званьне атрымаў той, хто піша па-расейску.