Заснавальнік кампаніі Alibaba Джэк Ма зьехаў з Кітаю і апошнія паўгоду жыве ў Токіё. Пра гэта паведамляе брытанскае выданьне Financial Times.
Крыніцы выданьня распавялі, што Джэк Ма жыве ў цэнтры Токіё разам з сям’ёй і зьвёў да мінімуму сваю грамадзкую дзейнасьць. Адʼезд Ма адбыўся на фоне ціску кітайскіх улад на тэхналягічныя кампаніі. Бізнэсовец рэдка зьяўляўся на публіцы пасьля таго, як у 2020 годзе на канфэрэнцыі ў Шанхаі раскрытыкаваў урадавых чыноўнікаў, заявіўшы, што рэгуляцыйныя меры, «прыдуманыя старымі», не адпавядаюць часу, і абвінаваціў іх у валакіце і абароне інтарэсаў банкаў.
У красавіку 2021 году Дзяржаўнае ўпраўленьне рынкавага рэгуляваньня Кітаю аштрафавала Alibaba Group Holding Limited за парушэньне антыманапольнага заканадаўства на 18,2 млрд юаняў (2,8 млрд даляраў) — гэта рэкордны для Кітаю карпарацыйны штраф. Рэгулятар абвінаваціў кампанію, вядомую на эўрапейскім рынку па інтэрнэт-краме AliExpress, што тая прымушае прадаўцоў гандляваць толькі на адной плятформе.