Лідэраў АГП перавялі ў СІЗА
Палітзьняволеных Антаніну Кавалёву, Аксану Аляксееву і Дзіяну Чарнушыну перавялі ў СІЗА-3 у Гомлі, паведамляе прэс-служба АГП. Андрусь Асмалоўскі — у СІЗА-6 у Баранавічах.
Усе яны чакаюць вынікаў абскарджання прысудаў, якія дагэтуль яшчэ не ўступілі ў сілу.
Лідэр партыі АГП Мікалай Казлоў увязьнены ў следчай турме № 4 у Магілёве. Артур Смалякоў — у СІЗА-2 у Віцебску.
Даты разгляду скаргаў на іх прысуды яшчэ не прызначаны.
3 лістапада суд Першамайскага раёну Менску вынес выракі траім прадстаўнікам Аб’яднанай грамадзянскай партыі:
- Мікалаю Казлову — 2,5 года калёніі,
- Аксане Аляксеевай — 1,5 года калёніі,
- Антаніне Кавалёвай —1 год калёніі.
Казлова, Аляксееву і Кавалёву затрымалі 27 ліпеня, ад таго часу яны знаходзяцца ў СІЗА № 1. Палітвязьняў абвінавачваюць ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Менску ў 2020 годзе (арт. 342 КК, «актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Мікалай Казлоў на судзе завяіў, што не разумее, у чым яго абвінавачваюць, бо гэта сумесь «дзіўнай лёгікі і нястрымнай фантазіі». На пытаньне суду, ці прызнае сваю віну, ён адказаў: «Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым». Кавалёва прызнала сваю віну часткова, Аляксеева — цалкам.
АГП — адна з найстарэйшых апазыцыйных партыяў Беларусі, існуе з 1995 году.
Журналіста Дзьмітрыя Семчанку прызналі палітычным зьняволеным
Дзьмiтры – журналіст і тэлевядоўца, які раней займаў пасаду ў частцы «прэзыдэнцкага пулу» тэлеканалу АНТ. У жніўні 2020 на знак пратэсту супраць жорсткіх разгонаў мірных акцый Семчанка звольніўся. У верасьні 2020 Дзьмiтрыя асудзілі за ўдзел у маршы пратэсту і далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, нагадвае «Вясна».
Пазьней супраць яго распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 130 КК РБ («распальваньне сацыяльнай варожасьці ці варажнечы»). Артыкул прадугледжвае максымальную санкцыю ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да пяці гадоў.
Палітзьняволенага Дзяніса Івашына паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму
Аўтара «Новага часу» і журналіста-расьсьледавальніка Дзяніса Івашына паставілі на прафіляктычны ўлік як схільнага да экстрэмізму.
Раней Івашына асудзілі да 13 гадоў і 1 месяца калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.