Ён адказаў на абвінавачаньні ў тым, што не называе простым тэкстам вінаватых у вайне і абмяжоўваецца заклікамі аб міры да абодвух бакоў канфлікту.
З словаў Францішка, ён ня згадвае Пуціна, камэнтуючы вайну ва Ўкраіне, бо пра ролю палітыка «ужо вядома».
«Усе ведаюць маю пазыцыю, з Пуціным ці бяз Пуціна», — сказаў Францішак. Ён таксама назваў Галадамор гістарычным папярэднікам вайны ва Ўкраіне, назваўшы тыя падзеі «генацыдам Сталіна, учыненым супраць украінцаў».
У інтэрвію Францішак яшчэ раз сказаў, што лічыць украінскі народ пакутнікамі.
«Калі ў вас ёсьць людзі, якія сталі пакутнікамі, у вас ёсьць нехта, хто ўчыняе ім пакуты. Калі я кажу пра Ўкраіну, я кажу пра жорсткасьць, бо ў мяне ёсьць шмат інфармацыі аб жорсткасьці войскаў, якія ўвайшлі ва Ўкраіну», — заявіў пантыфік.
Акрамя таго, ён сказаў, што лічыць, што бураты, чачэнцы і іншыя грамадзяне Расеі, якія «не прытрымліваюцца расейскай традыцыі», як правіла, зьяўляюцца «самымі жорсткімі» ў расейскай арміі ва Ўкраіне.
На гэтую заяву адрэагавалі кіраўнік Буратыі Аляксей Цыдэнаў у сваім тэлеграм-канале і афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава. Цыдэнаў заявіў, што «яму дзіўна» чуць ад кіраўніка царквы аб жорсткасьці канкрэтных нацыянальнасьцяў. «Гісторыя ведае шмат прыкладаў зьнішчэньня гарадоў, краінаў і нават народаў тымі, хто лічыць сябе прадстаўнікамі цывілізаваных нацыяў», — напісаў чыноўнік.
Захарава сказала, што словы Францішка — «гэта вычварэньне». «Прыгадайце, у дзевяностыя гады — пачатку двухтысячных нам жа казалі роўна супрацьлеглае, што гэта расейцы, славяне, якія зьдзекуюцца з народаў Каўказу, а зараз нам кажуць, што гэта народы Каўкау зьдзекуюцца з расейцаў. Гэта ж трэба быць вычварэнцамі ісьціны», — цытуе яе ТАСС.