Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пробашч закрытага ўладамі Чырвонага касьцёла працуе дворнікам пры храме. ФОТА


Уладзіслаў Завальнюк выконвае працу дворніка каля Чырвонага касьцёла ў Менску
Уладзіслаў Завальнюк выконвае працу дворніка каля Чырвонага касьцёла ў Менску

Раней паведамлялася, што сьвятар жыве ў плябаніі безь сьвятла і ацяпленьня.

Касьцельны камітэт парафіі сьвятога Сымона і сьвятой Алены ў Менску ўхваліў просьбу пробашча Ўладзіслава Завальнюка на выкананьне абавязкаў дворніка пры закрытым Чырвоным касьцёле, паведамляе выданьне katolik.life з спасылкай на паведамленьня парафіі, якая апублікавала здымкі з подпісам: «Наш пробашч — ксёндз-канонік Уладзіслаў — перажывае зараз ня толькі „чорныя“ дні, але таксама і „белыя“...»

«Надалей просім вас, дарагія вернікі, аб малітве ў інтэнцыі нашай сьвятыні. Кожны чалавек і кожная сям’я маюць і свае ўласныя праблемы і цяжкасьці, таму, каб нашы малітвы былі мацнейшымі, заахвочваем далучаць да малітваў пост і ўстрыманьне. А таксама глыбей разважаем над Божым словам і зьдзяйсьняем добрыя ўчынкі», — адзначаецца ў аб’явах парафіі.

На мінулым тыдні стала вядома, што ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк напісаў заяву, у якой папрасіў дазволіць яму даглядаць тэрыторыю храма.

«Паколькі ў сувязі з тым, што з моманту інцыдэнту ўзгараньня ў закрыстыі касьцёла Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены прайшло два месяцы, і касьцёл зачынены, а парафіяльная дзейнасьць прыпынена, то я як пробашч парафіі ня маю магчымасьці праводзіць богаслужэньні. Таму, каб я мог прыносіць карысьць парафіі, прашу дазволіць мне з 21 лістапада 2022 году выконваць абавязкі дворніка для прыборкі тэрыторыі вакол Чырвонага касьцёла, якая на гэты момант не прыбіраецца».

Мінула амаль два месяцы з моманту, як улады забралі ў вернікаў Чырвоны касьцёл. Забраную тэрыторыю не даглядаюць.

Касьцёльны камітэт разгледзеў заяву і схіляецца да таго, каб вынесьці станоўчае рашэньне, бо двор і сапраўды патрабуе прыборкі, пісаў сайт Чырвонага касьцёла.

  • Чырвоны касьцёл быў закрыты ўладамі для вернікаў і сьвятароў пасьля інцыдэнту з узгараньнем 26 верасьня. Ужо неўзабаве ўлады пастанавілі адабраць будынак ад парафіі, матывуючы рашэньне неабходнасьцю рамонту.
  • Ужо да 12 кастрычніка парафія мусіла забраць сваю маёмасьць з будынка. Але вернікаў і ксяндза не пускаюць у будынак касьцёла.
  • Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк 11 кастрычніка маліўся на ганку каля зачыненых дзьвярэй Чырвонага касьцёла, калі да яго падышлі міліцыянты ў форме і паспрабавалі гвалтам адцягнуць з патрабаваньнем: «Пройдёмте!». Сьвятар папрасіў іх не кранаць яго, і міліцыянты перасталі яго чапаць. Сілавікі перашкаджалі малітве і іншых людзей, якія зьбіраліся каля сьвятыні.
  • 11 кастрычніка каталіцкая суполка накіравала Лукашэнку адкрыты ліст з просьбай дапусьціць упаўнаважаных прадстаўнікоў прыходу да агляду пашкоджаных пажарам збудаваньняў Чырвонага касьцёла ў Менску. Копія ліста разьмешчаная на сайце парафіі.
  • Парафіяне таксама заявілі, што пажар у храме быў невыпадковы, і накіравалі ў Сьледчы камітэт запыт аб даваньні інфармацыі па выніках праведзеных сьледчых дзеяньняў.
  • 13 кастрычніка споўнілася 175 гадоў фундатару касьцёла Эдварду Вайніловічу. Вайніловіч, гаспадарчы і палітычны дзяяч, мэмуарыст, нарадзіўся ў 1847 годзе. У 1905–1910 гадах на грошы Вайніловіча пабудавалі Чырвоны касьцёл у Менску ў памяць пра ягоных дзяцей, якія заўчасна памерлі, — Сымона і Алену Вайніловічаў.
  • У пачатку лістапада Менгарвыканкам адмоўна адказаў на зварот парафіянаў, забараніўшы ім маліцца бліжэй чым за 200 мэтраў ад касьцёла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG