Пасьля таго, як 25 лістапада зьявілася інфармацыя пра знос руінаў каталіцкага храма ў вёсцы Зембін Барысаўскага раёну, сытуацыю пракамэнтаваў тэлеграм-канал «Спадчына», які займаецца тэматыкай захаваньня гістарычных будынкаў, помнікаў.
«У Зембіне, як і абяцалі, дэмантавалі барочны франтон касьцёлу да ўзроўню карнізу, папярэдне зьняўшы зь яго крыж і скульптуру Дзевы Марыі. Нагадаем, што ў красавіку гэтага году абвалілася частка сьценаў помніку. Невядома, ці былі праведзены фіксацыйныя абмеры дэмантаванай часткі і адбор пробаў для фізыка-хімічнага аналізу адзьдзелкі для будучага аднаўленьня. З іншага боку, заявы аб „зносе касьцёлу“ ня маюць пад сабой падстаў».
У чэрвені паведамлялася, што «разьбіраць мур будуць уручную, па цаглінцы» да ўзроўню карнізу — з-за пагрозы абвальваньня франтону і сьцяны галоўнага фасаду. Цяпер афіцыйных зьвестак пра работы пакуль не публікавалі, піша katolik.life.
Вядома, што дэмантаваную фігуру Панны Марыі зьмясьцілі ў мясцовым музэі. Парафія папрасіла перадаць скульптуру для рэстаўрацыі за ўласныя сродкі — гэта пытаньне разгледзяць у Міністэрстве культуры.
Узьведзены ў пачатку XVII стагодзьдзя ордэнам дамініканцаў храм спачатку быў драўляным, пасьля пажару ў пачатку XVIII стагодзьдзя яго аднавілі ўжо ў мураваным выглядзе. У ягонай архітэктуры спалучаліся рысы барока і клясыцызму (лічыцца, што гэта апошні будынак у стылі барока на тэрыторыі Беларусі).
У 1832 годзе касьцёл сканфіскавалі царскія ўлады, якія праводзілі палітыку прымусовай русыфікацыі. У 1932 годзе, пасьля антырэлігійных рэпрэсіяў ужо камуністычных уладаў, служба ў касьцёле спынілася, будынак паступова разбураўся.
Касьцёл даўно быў прызнаны аварыйным. У 2010 годзе мясцовыя ўлады мелі намер яго канчаткова зьнесьці, аднак грамадзкасьці ўдалося яго адстаяць. Ніякіх працаў для ўмацаваньня сьценаў не праводзілі.